Што вядома пра Паўла Ц. — абвінавачанага ў рабаванні банка ў Магілёве
Фота з сацыяльных сетак.
Аб рабаванні аддзялення "Беларусбанка" у Магілёве чулі ўсе жыхары дзевяціпавярховікі па Мінскай шашы, на самым выездзе з горада. Але вось пра тое, што некалькі месяцаў у гэтым доме жыў Павел Ц., якога абвінавачваюць у разбоі і захопе закладнікаў, не ведае ніхто з яго суседзяў.
У панэльцы пракураныя лесвічныя клеткі, на сценах — тэксты расійскага рэпера Гуфа. Паштовыя скрыні не зачыняюцца, а чутнасць у пад'ездах вельмі жорсткая: стоячы на ліфтавай пляцоўцы, я чую, як недзе плача дзіця, а яшчэ недзе працуе мікрахвалеўка.
Эксперты аднавілі дадзеныя з жорсткага дыска з захопу закладнікаў у Магілёве
Цяпер шматлікія расіяне набываюць кватэры ў Беларусі, але нават дзіўна, што бацькі Паўла Ц. спынілі свой выбар менавіта на гэтым доме на ўскраіне Магілёва.
"Ніхто не верыць, што рэальна было рабаванне"
Што прывяло Паўла Ц., ураджэнца Магадана, у Магілёў, за 10 тысяч кіламетраў ад радзімы?
Пра меркаванага рабаўніка банка вядома няшмат. Хлопцу 28 гадоў. З чэрвеня 2009-га па чэрвень 2010-га года ён служыў ва ўнутраных войсках МУС ва Усходняй акрузе Расіі. Потым праходзіў службу ў ваенізаваным горнаратавальным атрадзе МНС Расіі ў пасёлку Дукат Магаданскай вобласці.
Затым Павел Ц. пераехаў у Калінінград і змяніў від дзейнасці: стаў займацца камп’ютарамі. Мяркуючы па нікнэйме ў Skype, малады чалавек неяк звязаны яшчэ з адным рэгіёнам РФ — Краснадарскім краем. А у Магілёў ён перабраўся летам 2017 года — жыў у бацькоўскай кватэры літаральна за кіламетр ад аддзялення "Беларусбанка", якое, па версіі праваахоўных органаў, вырашыў абрабаваць.
"Вырашыў пачаць новае жыццё, у новым горадзе... з новай прозвішчам", — такі статус Павел Ц. пакінуў на сваёй старонцы "Вконтакте".
Цяпер у Беларусь прыехалі бацькі Паўла Ц. Кантактаваць з журналістамі яны не хочуць — кажуць, што ім і без іх ёсць да каго звярнуцца. Іх суседзі апынуліся больш гаваркімі:
— Тут ніхто не верыць, што рэальна было рабаванне. Не было там нічога, — кажа Еўрарадыё мужчына гадоў сарака, які жыве ў тым жа пад'ездзе. — Гэта, ведаеце, "хлеба і відовішчаў". Прыдумалі такое рэаліці-шоў і паказваюць нам.
— Ды годзе, як можна інсцэнаваць рабаванне банка, — адказваем мы. — Там столькі людзей вакол!
— Малады чалавек, ды ў нас выбары інсцэнуюць! А вы кажаце...
Людзі на роварах ездзяць... Чаму міліцыя не ачапіла раён?
Скрыжаванне Мінскай шашы і вуліцы Каліноўскага, на якой знаходзіцца самае вядомае аддзяленне "Беларусбанка", знаходзіцца ўсяго ў 750 метрах ад дома, дзе жыў Павел Ц. Банк знаходзіцца на першым паверсе шматпавярховай "хрушчоўкi" — трэцяга дома ад скрыжавання.
Чаму замест таго, каб ехаць на шырокую Мінскую шашу, па якой хутка можна было выскачыць за горад, Павел Ц. з закладнікам за рулём накіраваўся ў іншы бок — у прыватны сектар, па вузкай вуліцы Каліноўскага?
Гэтае пытанне задае сабе і жыхар дома, насупраць якога Павел Ц. быў спынены і ўступіў у перастрэлку з міліцыяй.
"Па гэтай дарозе можна выехаць у раён абласной бальніцы, а потым вярнуцца на шашу. Але тут няма ніякай логікі, —кажа ён. — Наогул, захоп здаецца мне вельмі дзіўным. На відэа людзі на роварах ездзяць... Калі вы рыхтуецеся да сур'ёзнай аперацыі, дык ачапілі б раён! Бо з узброеным чалавекам маеце справу. І часу, пакуль ён там усё рабіў у касе, было дастаткова — людзей можна было сабраць нямераную колькасць. Чаму не былі прадугледжаныя ўсе варыянты?"
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка назваў затрыманне магілёўскага рабаўніка адной з лепшых аперацый у гісторыі беларускай міліцыі.
У плоце няма ніводнай кулявой адтуліны
Каля дома №17 па вуліцы Каліноўскага нішто ўжо не нагадвае пра перастрэлку, якая разгарнулася тут 10 дзён таму. На відэа з аўтарэгістратара, якое было знятае падчас затрымання Паўла Ц., можна налічыць да 30 стрэлаў.
"Я спецыяльна прайшоў уздоўж плота і не знайшоў ні адной кулявой адтуліны. А куля б абавязкова засела дзе-небудзь, ці пакінула б скразную адтуліну, — працягвае мясцовы жыхар. — Як варыянт — усе кулі пайшлі ўздоўж дарогі".
Загадкавая Яўгенія Г.
Матыў нападзення на банк дагэтуль застаецца незразумелым: Следчы камітэт паведаміў, што Павел Ц. не дае паказанняў. Еўрарадыё паспрабавала знайсці ў тым, што адбываецца "жаночы след".
У пошуках інфармацыі пра хлопца мы наткнуліся на старонкі ў соцсетях, якія належаць Яўгеніі Г. У сваім профілі ў "Аднакласніках" дзяўчына напісала, што яе родны горад — Магадан, але цяпер яна жыве ў Магілёве. Але на гэтым супадзенні не заканчваюцца: кватэра, зарэгістраваная на прозвішча Г., ёсць у тым жа доме, у якім купілі кватэру бацькі Паўла Ц.!
Якая сувязь паміж дзяўчынай і хлопцам, якога абвінавачваюць у рабаванні? Адказаць на гэтае пытанне ў нас пакуль не атрымалася. Як і бацькі Паўла Ц., Яўгенія катэгарычна адмаўляецца гаварыць пра яго і пра тое, што адбылося ў банкаўскім аддзяленні на вуліцы Каліноўскага ў Магілёве.