Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка міліцыі Гомельскай вобласці

Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка міліцыі Гомельскай вобласці

Аляксандр Лукашэнка сваім указам прызначыў новага начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама. Ім стаў палкоўнік міліцыі Аляксандр Васільеў, інфармуе tut.by са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.

Папярэдняга кіраўніка міліцыі Гомельшчыны — генерал-маёра міліцыі Уладзіміра Захарчука Лукашэнка вызваліў ад пасады і залічыў яго ў распараджэнне міністра ўнутраных спраў.

Васільеў вядомы тым, што ўдзельнічаў у вызваленні закладнікаў у лістападзе 2017 года. Тады ў Магілёве ў адным з аддзяленняў банка ўзброены пісталетам мужчына захапіў закладнікаў і спрабаваў абрабаваць банк. Васільеў добраахвотна пайшоў да яго ў закладнікі, а потым быў яго шафёрам. 

Аляксандр Васільеў нарадзіўся 24 сакавіка 1975 года ў Магілёве. У органах унутраных спраў пачынаў служыць з пасады оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку ў 1994 годзе.

Перад прызначэннем у Гомельскую вобласць займаў пасаду часовага выканаўцы абавязкаў па пасадзе начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Мае дзяржаўныя ўзнагароды: ордэн "За асабістую мужнасць" (атрыманы якраз за вызваленне закладнікаў), медалі "За бездакорную службу" 3-й і 2-й ступеняў, "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі