Што вядома пра суд над барысаўскім прапаршчыкам

Што вядома пра суд над барысаўскім прапаршчыкам

У судзе Барысаўскага раёна ідзе працэс над прапаршчыкам 72-га вучэбнага цэнтра ў Печах. Яго вінавацяць у перавышэнні паўнамоцтваў, абразе салдатаў і атрыманні ад іх хабару. Суд пачаўся яшчэ ў лютым, але вядома пра яго стала толькі сёння.

Як піша tut.by, перад судом — 25-гадовы [насамрэч яму 24 гады, ён нарадзіўся 27 чэрвеня 1993 года. — Еўрарадыё] прапаршчык Ігар Хішчанка з 59-й школы, дзе рыхтуюць спецыялістаў па эксплуатацыі і рамонту аўтатэхнікі. З войска яго не звольнілі, а на перыяд разгляду адхілілі ад службы і ўзялі пад варту.

Пацярпелымі па справе праходзяць 18 чалавек, якія служылі ў Печах ў 2016 годзе. Тады яны былі пераважна шарагоўцамі і падпарадкоўваліся Хішчанку як старэйшаму па званні. Яшчэ амаль два дзесяткі чалавек праходзяць па справе сведкамі.

Справа складае 15 тамоў. У ёй апісаныя каля 50 эпізодаў перыяду лета і восені 2016 года. дарэчы, шарагоўцы ўжо адслужылі і вярнуліся дадому ў розныя гарады Беларусі. Таму цяпер іх дапытваюць праз відэасувязь. 

У матэрыялах справы гаворыцца, што Хішчанка не раз біў салдатаў спецыяльным скруткам з газет, пераматаным скотчам. Або ўказкай, якая аднойчы зламалася ад удару. 

Таксама прапаршчык караў падначаленых фізічнымі практыкаваннямі па-за заняткамі. Напрыклад, "фінскі лыжнік" (рукі за галаву і скачкі з аднаго калена на другое) або "Кока-Джамба" (прысяданне і скачок з гэтага становішча ўверх з выцягнутымі рукамі). Каб ускладніць задачу, салдата прымушалі апранаць бронекамізэльку або процігаз.

Падчас расследавання сведка Уладзіслаў Ватурчык паказваў, што неяк увосень 2016-га прапаршчык прыйшоў у спальню з электрашокерам, "чуў характэрны гук, але сам не адкрываў вочы". Потым салдаты абмяркоўвалі, хто атрымаў удар токам і якія пры гэтым адчуванні. Аднак на судзе Ватурчык ад гэтых паказанняў адмовіўся. 

24-гадовы пацярпелы Антон Прыбыткін з Камянецкага раёна кажа, што Хішчэнка ударыў электрашокерам шарагоўца Шпака: "Засталіся дзве чорныя плямкі". Самога яго прапаршчык біў па ягадзіцах скруткам з газет і ўказкай. Памятае, як хадзіў з таварышамі ў буфет, бо "трэба было нешта купіць прапаршчыку". Напрыклад, пачак цыгарэт. Іншыя распавялі, як куплялі прапаршчыку піцу ці кока-колу. Усё куплялі за свой кошт.

Следчым хлопец таксама казаў, што прапаршчык пастаянна словамі прыніжаў курсантаў: "Не ведаю, з якой прычыны, здавалася, што мы вечна ўсё робім не так".

— Можа, няправільна сябе паводзілі, — казаў у судзе пацярпелы Прыбыткін.

— Чаму вы кажаце "можа?". У статуце за гэта прадугледжаны ўдары электрашокерам або партупеяй, "Джамба" або "фінскі лыжнік"? Ці там ёсць іншыя метады ўплыву на салдат, якія парушаюць дысцыпліну? — удакладніў суддзя.

— Не, у нарад паставіць, такое...

Калі адвакат прапаршчыка ўдакладніла ў пацярпелага, ці прыніжаліся такім чынам яго гонар і годнасць, той адказаў адмоўна.

— А калі тры нарады па-за чаргой, таксама б не закранула? — удакладніў суддзя.

— Не.

— Дык што для вас лепш: пайсці ў нарад ці?..

— Калі шчыра, мне ў нарадзе не падабалася, лепш атрымаць па ягадзіцах, — смеючыся, заявіў пацярпелы.

Ён, як і Ватурчык, папрасіў суд не караць Хішчэнку строга.

25-гадовы сведка Уладзіслаў Абухоўскі распавёў пра іншыя здзекі, якія ўчыняў прапаршчык. Па яго словах салдатаў, якія нічога не парушалі, Хішчэнка біў — каго скруткам па галаве, каго па плячах. А за парушэнні прапаршчык караў рамянём, біў нават у машонку. Абухоўскі памятае, як салдаты скідаліся на харчаванне для прапаршчыка за візіт у чайную.

Ён прызнаўся, што не казаў пра гэтыя парушэнні камандзіру часці: "Баяліся, напэўна. Лепш было сядзець ціха, і ніхто цябе не чапае!"

Ці прызнае сам прапаршчык віну, пакуль невядома. Яго яшчэ не дапытвалі ў судзе. Хоць адзін з пацярпелых кажа, што падчас іх вочнай стаўкі Хішчэнка прасіў прабачэння, "што няправільна рабіў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі