Шумчанка і Статкевіч падалі заяўку на марш прадпрымальнікаў у Мінску 14 сакавіка

Шумчанка і Статкевіч падалі заяўку на марш прадпрымальнікаў у Мінску 14 сакавіка

23 лютага ў Мінгарвыканкам падалі заяўку на марш прадпрымальнікаў у сталіцы. Акцыя запланаваная на 14 сакавіка. Заяўку падпісалі старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка і экс-палітвязень Мікалай Статкевіч, інфармуе БелаПАН.

Па словах Шумчанкі, мэта акцыі не палітычная, а эканамічная. Гэтым маршам ініцыятары хочуць звярнуць увагу Аляксандра Лукашэнкі на неабходнасць як мага хутчэй вырашыць праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ўзніклі з-за ўказу № 222 і шэрагу іншых законаў.

Шэсце плануецца правесці з 13-й да 16-й. Удзельнікі акцыі плануюць сабрацца каля Акадэміі навук і па вуліцах Сурганава і Арлоўскай прайсці да парку Дружбы Народаў каля плошчы Бангалор. Там мяркуецца правесці мітынг.

Шумчанка мяркуе, што ўлады дазволяць акцыю, бо цяпер у краіне пануе своеасаблівая "палітычная адліга". "А ў нас няма мэтаў дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне. Ва ўлады сёння добрае поле для манеўру — вырашайце праблему, і будзем далей жыць спакойна і мірна", — заявіў лідар прадпрымальнікаў.

Калі мінскія ўлады не дазволяць марш, то аб праблемах прадпрымальнікаў будзе сказана на Дні Волі 25 сакавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі