Швецыя і Фінляндыя афіцыйна падалі заяўкі на ўступленне ў NATO
Швецыя і Фінляндыя афіцыйна падалі заяўкі на ўступленне ў NATO ў яго штаб-кватэры. Генсек Енс Столтэнберг прыняў дакументы ў амбасадараў гэтых краін.
Афіцыйны адказ паўночнаатлантычнага блока чакаецца на працягу некалькіх тыдняў. Для ўступлення ў NATO новых сябраў патрэбная згода ўсіх саюзнікаў. У выпадку станоўчага рашэння, працэдура ратыфікацыі, як лічаць дыпламаты, можа заняць каля года, піша "Бі-Бі-Сі".
Стакгольм і Хельсінкі вырашылі адмовіцца ад нейтральнага статусу і падаць заяўкі на сяброўства ў NATO на фоне агрэсіі Расіі супраць Украіны. Чакалася, што гэта можа адбыцца па паскоранай працэдуры, аднак пазіцыя Турцыі змяніла сітуацыю. У выніку саюзнікам па NATO давядзецца вырашаць гэтую праблему. Турцыя сфармавала спіс умоў.
Днямі Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква адкажа не на ўступленне Швецыі і Фінляндыі ў NATO, а на магчымае "пашырэнне ваеннай інфраструктуры" альянса на гэтыя краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.