Швецыя спыніла расследаванне выбухаў на газаправодах "Паўночны паток"
Падводны апарат правярае трубаправод
Пракуратура Швецыі спыніла расследаванне справы пра выбухі на газаправодах "Паўночны паток" і паведаміла пра гэта ў адмысловай заяве.
Шведскія следчыя прыйшлі да высновы, што гэтая справа не ў іх юрысдыкцыі. Пры гэтым падкрэсліваецца, што ні Швецыя, ні шведскія грамадзяне не былі датычныя да выбухаў на газаправодах.
Таксама ў пракуратуры Швецыі кажуць, што не змаглі выявіць падазраваных, хаця следчыя прааналізавалі вялікую колькасць перамяшчэнняў караблёў, агледзелі месца злачынства і правялі некалькі допытаў.
Шведскія ораганы перадалі матэрыялы расследавання праваахоўнікам Германіі — яны працягваюць следства па справе аб падрыве "Паўночных патокаў".
Аварыя на газаправодах у Балтыйскім моры адбылася 26 верасня 2022 года. Данія выявіла ў газаправодзе велізарную ўцечку, Швецыя заявіла, што прычынай сталі выбухі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.