Siaržuk Trukhanovič “Šliah da mora”
Трэці сольны альбом аднаго з заснавальнікаў гурта “Крама”
Альбом “Шлях да мора” знакамітага беларускага гітарыста Сяргея Трухановіча нават, складана назваць сольным. Не, зорны ўнёсак “саўдзельнікаў” не пераважае талентаў Сяргея. Але не чапляла б так “Свіслач у тумане” без фонавага акардэона Змітра Карабача, не прыцягваў бы так моцна ўвагу рытмічны злом у “Аўтабугі” без саксафона Паўла Аракеляна і ўставак губнога гармоніка ад Ігара Варшкевіча.
“Шлях да мора” ― цалкам прафесійная праца! Але гэта і яе мінус: трэкі гучаць выдатна, нават… Занадта дасканала. Драйв прынесены ў ахвяру акуратнасці. Хаця, гэта падобна не на недарэчнасць, а на запланаваны крок, гітара Трухановіча губляецца ў агульным гучанні і перастае быць асноўным інструментам. Але на дыску ёсць дзве сапраўды сольныя тэмы “Летні Вечар” (толькі электрагітара) ды “Танга ля кастра” (толькі акустыка), якія цалкам раскрываюць тэхнічныя ды кампазітарскія здольнасці Сяргея.
Чаго не адабраць у Трухановіча ― гэта яскравых вобразаў у назвах. Калі слухаеш трэк папярэдне прачытаўшы, напрыклад, “Летні вечар”, “Роздум” ці “Шлях да мора”, дык пад музыку вельмі дакладна адчуваеш і перажываеш менавіта гэтыя эмоцыі… Вядома, калі ты з імі знаёмы!
У адрозненні ад папярэдніх альбомаў Сяргея, гэты дыск атрымаўся больш багатым і меладычна, і эмацыйна, і аранжыроўкамі. Нават не зважаючы на відавочную схільнасць гітарыста да баладнасці: толькі тры трэкі з дзесяці могуць прэтэндаваць на званне хуткіх: “Аўтабугі”, “Снежны чалавек” і “Вандраванне”. Прычым, апошняя тэма адрозніваецца ад рэпертуару “Крамы” толькі адсутнасцю вакалу.
Як сказаў сам Трухановіч напярэдадні рэлізу: “Альбом падобны на раманцік-рок, я зрабіў яго найбольш меладычным, каб можна было слухаць у машыне”. Так яно і атрымалася! “Шлях да мора” прыдатны і для фонавага гучання, і для ўважлівага праслухоўвання. А гэта ўжо поспех, тым больш, для не самай папулярнай у Беларусі інструментальнай музыкі.
Трэк-ліст:
1. Adnoičy u seradu
2. Šliah da mora
3. Svislač u tumane
4. Vandravanne
5. Rozdum
6. Letni večar
7. Autabugi
8. Snežny čalavek
9. Fantazia
10. Tanga la kastra
Музыка – Сяржук Трухановіч
Сяржук Трухановіч – аранжыроўка, электрагітары, акустычныя гітары
Анатоль Горбач – барабаны (2,4,5,9)
Аляксандр Сеўрук – бас-гітара (1-5,7,9)
Святаслаў Чарнуха – барабаны, перкусія (8)
Валерый Башкоў - бас-гітара (8)
Канстанцін Гарачы – клавішныя (4,5)
Ігар Варашкевіч – Harp (8)
Андрэй Цераховіч – барабаны (1)
Дзіма Карабач – акардыён (3)
Паша Мамонаў – барабаны (7)
Сяргей Шкадун – клавішныя (2,9)
Павал Аракелян – саксафон (7)
Прадусары – Алег Спіцын і Сяржук Трухановіч
Запіс зроблены на студыях "Бегемот", Az-Art, Maple Tree
Звядзенне і мастэрынг – студыя Oleg Spitsyn & Chermen