Сілавікі атрымаюць онлайн-доступ да камер ў кафэ і клубах (дакумент)

Пра гэта гаворыцца ва ўказе "Аб пытаннях стварэння і прымянення сістэмы відэаназірання у інтарэсах забеспячэння грамадскага парадку".

Вядома, што камеры назірання стаяць у метро, спартовых пляцоўках, пераходах і адміністратыўных будынках. Іх падлучылі да адзінай сістэмы з 1 студзеня 2014 года.

Згодна з указам, абсталяваць сістэмай відэаназірання месцы масавага збірання людзей мусяць да 1 сакавіка. Пастановай Саўміна нават зацверджаны спіс такіх месцаў: гэта амаль 300 рэстаранаў і кавярняў, а таксама крамы, клубы, казіно і АЗС у Мінску.

У адным з мінскіх рэстаранаў Еўрарадыё патлумачылі, што камеры стаяць ужо даўно. А вось падключэнне да адзінай сістэмы — у працэсе.

Што гэта за сістэма відэаназірання?

Сістэма працуе на лічбавых камерах. Таму калі ў кафэ няма камер альбо стаяць аналагавыя, то давядзецца паставіць лічбавыя. У Мінску генеральным падрадчыкам па абсталяванні камерамі прызначана "Агат-сістэмы кіравання". Там з журналістам Еўрарадыё адмовіліся размаўляць на гэтую тэму і параілі пачытаць указ.

"Нам ніхто не навязвае, да каго звяртацца па ўсталёўку камер", — у адным з рэстаранаў тлумачаць, што камеры ставіла прыватная фірма.

Далей уласнік кафэ мусіць забяспечыць кругласутачную працу камер, запіс інфармацыі і захоўванне яе на працягу месяца.

Карыстальнікі сістэмы — МУС, КДБ, ААЦ, МНС, памежнікі і мытнікі, служба бяспекі прэзідэнта. Яны могуць мець доступ да камер "праз агульныя ці выдзеленыя каналы сувязі з магчымасцю адначасовага атрымання інфармацыі ўсімі карыстальнікамі".

"Гэта звычайная IP-камера, якая мае свой IP-адрас. Яго можна ўвесці нават у браузер і атрымаць карцінку", — тлумачыць эксперт Еўрарадыё.

Акрамя таго, указам вызначаецца пэўны спіс месцаў, дзе доступ да камер не будуць мець усе карыстальнікі: гэта аб'екты часовага знаходжання ахоўваемых асоб, якія вызначае Служба бяспекі прэзідэнта.

Так, усе сістэмы відэа-назірання аб'ядноўваюцца ў адзіную сетку. Акрамя спартовых і іншых важных аб'ектаў, як метро і падземныя пераходы, увойдуць гатэлі, рэстараны, запраўкі і клубы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі