СК не пачаў крымінальную справу па факце збіцця журналіста Руслана Кулевіча
Следчы камітэт адмовіўся пачынаць крымінальныя справы па факце збіцця журналіста hrodna.life Руслана Кулевіча і яго жонкі Таццяны. Адказ за подпісам следчага Т. Сахарчук прыйшоў адзін на дваіх.
"У адпаведнасці з патрабаваннямі КПК Рэспублікі Беларусь паведамляю Вам аб тым, што па факце прычынення вам 11.08.2020 цялесных пашкоджанняў на падставе п. 2 ч. 1 арт. 29 КПК Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы", — цытуе hrodna.life радкі афіцыйнага дакумента.
У пункце 2 ч. 1 арт. 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса тлумачыцца, што крымінальная справа не можа быць пачатая "за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства".
Ці будуць Кулевічы абскарджваць гэтае рашэнне, яны пакуль не вырашылі.
Як распавядала Еўрарадыё, Кулевіча з жонкай сілай затрымалі 11 жніўня. Паведамлялася, што Руслан у гэты час асвятляў акцыю пратэсту ў Гродне. Таццяну адпусцілі ўначы, а Руслана асудзілі на сем сутак, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту. 13 жніўня яго нечакана выпусцілі.
"Пры затрыманні білі, у ІЧУ білі, здзекаваліся, таму што я журналіст. Мы нічога супрацьпраўнага не рабілі, нават не паспеў фотаапарат дастаць. Адразу наляцелі", — расказваў журналіст.
Пасля затрымання і збіцця ў Кулевіча былі зламаныя абедзве рукі, сляды ўдараў былі на спіне і на нагах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.