Скандал: на "Барысаўдрэве" гарэў цэх, які мадэрнізавалі (фота)
Здарэнне ў Барысаве адбылося сёння ўначы. Ледзь не згарэла абсталяванне на 2 млн долараў.
На месца прыехалі 7 падраздзяленняў выратавальнікаў, а пасля пачалі сцягваць спецтэхніку з іншых раёнаў Мінскай вобласці. Агулам у ліквідацыі пажару ўдзельнічалі 39 выратавальнікаў і 17 адзінак тэхнікі МНС.
Як паведамляе прэс-служба МНС, гарэў адкрытым полымем па ўсёй плошчы светлавы ліхтар на даху цэха па вытворчасці фанеры. Будынак цэха аднапавярховы, да яго прыбудаваныя склад і адміністрацыйна-бытавы корпус. Цэх знаходзіўся на рэканструкцыі.
Пажар ліквідавалі толькі праз тры гадзіны — у 4.33 раніцы. У цэху пашкоджаныя тры дрэваапрацоўчыя станкі, свелавы ліхтар. Склад, у якім знаходзілася гатовая прадукцыя і новае абсталяванне, удалося выратаваць.
Пацярпелых няма. Прычына ўзгарання высвятляецца. Вядома, што ўвечары ў аўторак падрадная арганізацыя праводзіла ў будынку цэха агнявыя работы па дэмантажу абсталявання.
Фота — mchs.gov.by