Скандал: Пра паездку ў Мінск Баўмгертнера мог дамовіцца прэм'ер Мядзведзеў
Сітуацыя з затрыманнем гендырэктара "Уралкалія" можа перарасці ў маштабны міждзяржаўны канфлікт на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расіі.
Як адзначае сайт forbes.ru, затрыманне ў Мінску Уладзіслава Баўмгертнера выглядае прамым выклікам расійскаму прэм'ер-міністру Дзмітрыю Мядзведзеву. Нібыта, менавіта ён дамаўляўся аб прыездзе ў Беларусь прадстаўнікоў "Уралкалія" са сваім беларускім калегам Міхаілам Мясніковічам. Сцвярджаецца, што пра гэта ішла гаворка напрыканцы мінулага тыдня падчас тэлефоннай размовы прэм'ераў Беларусі і Расіі. Таму нават пра гарантыі бяспекі Баўмгертнер не падумаў. Прэс-сакратар Мядзведзева Наталля Цімакова адмовілася ад каментароў гэтай сітуацыі.
Нагадаем, кіраўніка "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі ў панядзелак у Мінску ў аэрапорце пасля сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, заявіў Следчы камітэт Беларусі. Баўмгертнеру выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў.
Расійскі прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў даў даручэнні ў сувязі з затрыманнем гендырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера.
Фота — bymedia.net, azerros.ru