Скандал у беларускім футболе, Капскі патрабуе правесці расследаванне
Старшыня праўлення ФК БАТЭ звярнуўся да заўзятараў клуба і футбольнай грамадскасці.
Анатоль Капскі адрэагаваў на скандальнае інтэрв'ю брамніка салігорскага "Шахцёра" Юрыя Цыгалкі сайту goals.by. У ім футбаліст, між іншым, прыгадаў заканчэнне чэмпіянату Беларусі ў 2006 годзе. У апошнім туры сустракаліся брэсцкае і мінскае "Дынама".
"БАТЭ трэба было, каб мінскае "Дынама" страціла ачкі, — цытуе словы тагачаснага брамніка брэсцкага "Дынама" Юрыя Цыгалкі goals.by. — Перад матчам прыехалі людзі з Барысава. Прастымулявалі. Можа, барысаўчане не верылі, быццам мы зможам адабраць ачкі ў мінчан, таму што суму не сталі называць. Сказалі проста: "Хлопцы, мы вас не пакрыўдзім. Аддзячым". Матч завяршыўся з лікам 0:0. БАТЭ стаў чэмпіёнам. Пасля гульні нам перадалі абяцаныя грошы. Хлопцы іх падзялілі. Атрымалася нешта накшталт двухсот долараў на чалавека".
Анатоль Капскі называе інтэрв'ю Цыгалкі "непрыемнай падзеяй" у лёсе ФК БАТЭ і яго асабіста. "На адрас нашага клуба былі высунутыя самыя сур'ёзныя абвінавачанні", — заяўляе Капскі. Ён заклікае адпаведныя органы Беларускай федэрацыі футбола правесці расследаванне, якое "пацвердзіць ці абвергне сапраўднасць асобных выказванняў Юрыя Цыгалкі".
Паводле старшыні ФК БАТЭ, "па рэпутацыі клуба нанесены сур'ёзны ўдар". І калі будзе даказана, што "стымуляванне" сапраўды было, людзей, якія мелі да яго дачыненне, "трэба адлучыць ад футбола".
Заяву брамніка "Шахцёра" вывучаюць "кампетэнтныя органы"
Фота — nn.by