Скандальны фільм "Мацільда" пакажуць беларускім гледачам
Фільм Аляксея Учыцеля "Мацільда", які выклікаў мноства скандалаў у Расіі, пакажуць у Беларусі.
Фільм, прысвечаны каханню апошняга расійскага імператара Мікалая Другога і балерыны Мацільды Кшасінскай, рэжысёр здымаў шэсць гадоў. Яшчэ да выхаду фільм сталі суправаджаць скандалы. Гучалі заявы, быццам фільм абражае пачуцці праваслаўных вернікаў, бо Мікалай Другі за сваю пакутніцкую смерць прылічаны да святых. Таксама пратэсты былі выкліканыя наяўнасцю правакацыйных эратычных сцэнаў. Асабліва актыўна супраць кіно выступала вядомая Наталля Паклонская.
У Беларусі кампанія-праваўладальнік фільма "Гельварс Сінема" правяла перадпрэм'ерны паказ стужкі для камісіі Мінкульта. На паказ у кінатэатр "Беларусь" з'явіліся першая намесніца міністра культуры Ірына Дрыга, начальнік упраўлення па кінематаграфіі Мінкульту Аляксандр Рыдван, прадстаўнікі мінскага і абласных кінавідэапракатаў, дырэктара кінатэатраў, кіраўнікі аддзелаў ліцэнзавання беларускіх тэлеканалаў, прадстаўнік царкоўнага духавенства ды інш.
Камісія аднагалосна дазволіла пракат фільма ў нашай краіне. Яны пастанавілі, што карціна багатая, якасна зробленая і вельмі прыгожая, але крамолы там няма.
Пракат карціны стартуе 26 кастрычніка.