Следам за рэзалюцыяй Еўрапарламент рыхтуе місію ў Беларусь

Еўрапарламент не выявіў істотнага прагрэсу ў сферы правоў чалавека ў Беларусі, хаця афіцыйны Мінск і зрабіў шэраг станоўчых крокаў. Такая выснова зробленая ў адмысловай рэзалюцыі, ухваленай сёння Еўрапарламентам Ці азначае гэта, што ў адносінах паміж Мінскам і Бруселем надышло пахаладанне? І якія далейшыя дзеянні чакаць беларусам ад еўрапарламентарыяў? Еўрарадыё паразмаўляла з кіраўніком дэлегацыі ЕС па сувязях з Беларуссю Яцэкам Пратасевічам.

Еўрарадыё: Ці азначае ўхваленне сённяшняй рэзалюцыі Еўрапарламенту, што наўздагон маразам на вуліцы пахаладанне прыйшло і ў адносіны паміж Беларуссю і ЕС?

Яцэк Пратасевіч: “Маразы ў Еўропу прышлі з Усходу. І той холад у стасунках паміж Беларуссю і Еўрасаюзам справакавалі дзеянні афіцыйнага Мінску. Калі беларускія ўлады пастанавілі, што могуць дазволіць сабе новыя рэпрэсіі, у прыватнасці супраць маладых дзеячаў апазіцыі, калі зноўку могуць блакаваць рэгістрацыю партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, то Еўрасаюз не мае альтэрнатывы акрамя як сцвердзіць: мы ўсё гэта бачым, назіраем і не можам з гэтым пагадзіцца! І калі вы працягнеце свае дзеянні, то можаце забыць пра сапраўды партнёрскія і сяброўскія стасункі з Еўропай”.

— І чаго тады чакаць ад Еўрасаюзу беларусам?

— Напрыканцы студзеня Беларусь наведае місія Еўрапарламенту, каб на ўласныя вочы пабачыць тыя выпадкі, якія мы згадалі ў рэзалюцыі. Не выключана, што будзем мець нагоду сустрэцца з прадстаўнікамі ўлады і давесці ім, што нават калі адбыўся візіт прэм’ер-міністра Берлусконі і нават калі Аляксандр Лукашэнка быў запрошаны прэзідэнткай Літвы і ўрачыста прыняты, то Еўрасаюз не падтрымлівае тое, што адбываецца ў Беларусі. ЕС хоча супрацоўнічаць з Беларуссю, гатовы праводзіць супрацоўніцтва нават з дзейснай уладай, але, напэўна, не будзе гэтага рабіць у той сітуацыі, калі парушаюцца правы чалавека, блакуецца дзейнасць няўрадавых арганізацыяў і палітычных партыяў. Бо інакш гэта пярэчыць каштоўнасцям, важным для еўрапейскіх палітыкаў.

— Хто ўвойдзе ў склад будучай місіі?

— Сёння мы размаўлялі таксама і пра яе склад. У склад місіі ўвойдуць прадстаўнікі найважнейшых фракцыяў Еўрапарламенту, абазнаныя ў беларускай сітуацыі і дасведчаныя ў адносінах як з беларускімі ўладамі, гэтак і з тамтэйшай апазіцыяй. Таму гэта будзе вельмі кампетэнтная група.

Будзем адкрытыя для размовы. Будзем слухаць і будзем пытаць. Калі адказы будуць шчырыя, то яны атрымаюць нашую падтрымку. Аднак калі адбудзецца спроба хлуслівых гульняў з намі, то тады нам нічога іншага не застанецца, як скласці яшчэ больш жорсткія рэкамендацыі для наступнай рэзалюцыі па Беларусі. Падобны дакумент, на жаль, толькі яшчэ аддаліць магчымасць сапраўднага партнёрства паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.


***

Таксама прыняцце сённяшняй рэзалюцыі Еўрапарламенту па Беларусі адмыслова для Еўрарадыё пракаментаваў Аляксандр Мілінкевіч. Лідэр Руху “За свабоду” таксама перакананы, што далейшыя дзеянні Еўрасаюза ў дачыненні да нашай краіны залежаць выключна ад дзеянняў беларускіх уладаў. Калі ж вяртання да дэмакратычных зменаў не адбудзецца, беларусаў чакае пагаршэнне стасункаў з ЕС.

“Замарожвацца будуць адносіны эканамічныя, што, безумоўна, шкодзіць беларусам і змяншае нашыя перспектывы на дынамічнае развіццё супрацоўніцтва з Еўропаю. Але не думаю, што нехта збіраецца аднаўляць санкцыі, аднаўляць ізаляцыю нашай краіны — гэта папросту метады малаэфектыўныя. А вось змяншэнне супрацоўніцтва — напэўна”.




Фота з blogspot.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі