Следчы камітэт: Медыкі з “ЛАДЭ” не вінаватыя ў гібелі брэстаўчанкі
Крымінальную справу супраць работнікаў філіяла медыцынскага цэнтра ў Брэсце не завядуць.
Смерць 21-гадовай дзяўчыны не была вынікам няправільных дзеянняў работнікаў брэсцкага філіяла медыцынскага цэнтра “ЛАДЭ”. Трагічны выпадак здарыўся ў траўні мінулага года, але ўсе экспертызы па нашумелай справе скончыліся ўсяго дзесяць дзён таму.
Як паведаміў начальнік упраўлення Следчага камітэту па Брэсцкай вобласці Аляксандр Рахманаў на сённяшнім брыфінгу, следства не выявіла віны медыкаў. Паводле заключэння судовай медыцынскай камісіі, прычынай смерці пацыенткі стаў анафілактычны шок, які развіўся ў часе правядзення працэдуры з прымяненнем медыцынскіх прэпаратаў.
Экспертная камісія рэспубліканскага ўзроўню выявіла, што супрацоўнікі “ЛАДЭ” выконвалі свае службовыя інструкцыі і правілы, прапісаныя ў нарматыўных дакументах Мінздароўя. Таму ў іх дзеяннях няма складу злачынства, перадае БЕЛТА.
Няшчасны выпадак здарыўся ў Брэсце 20 траўня мінулага года. Маладая дзяўчына памерла ў рэанімацыйным аддзяленні гарадской лякарні хуткай медыцынскай дапамогі, куды яе даставілі напярэдадні з медыцынскага цэнтру “ЛАДЭ”. На прыёме ў прыватным цэнтры ёй стала блага ў часе правядзення дыягнастычнай лекавай маніпуляцыі. Пацыентцы спрабавалі аказаць дапамогу на месцы, але ў яе адбыўся анафілактычны шок.
Ілюстратыўнае фота з сайта 1beautynews.com