Следчы камітэт: затрыманыя медыкі актыўна супрацоўнічаюць са следствам
Па справе "Экамедсэрвіса" ў пятніцу былі затрыманыя пяць чалавек.
Гэта — дырэктарка медцэнтра, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, дзве медсястры і хірург, які рабіў аперацыю па карэкцыі носа Юліі Кубаравай.
Нагадаем, па факце смерці дзяўчыны Міністэрства аховы здароўя правяло службовае расследаванне, былі выяўленыя грубыя парушэнні аказання меддапамогі, што і стала прычынай трагедыі. Тым часам Следчым камітэтам была распачатая крымінальная справа па артыкуле "Службовая халатнасць".
Як паведамляе "Интерфакс-Запад" са спасылкай на Следчы камітэт, ідуць допыты затрыманых. Прызначаны шэраг судовых экспертыз, следчымі была забраная дакументацыя, якая датычыць справы памерлай пацыенткі, і апаратура, якая выкарыстоўвалася падчас аперацыі. На сёння для дачы паказанняў запрошаныя бацькі Юліі Кубаравай.