Следчыя праводзяць праверку па факце спробы самагубства ў турме ў Жодзіне
Следчыя праводзяць праверку па факце спробы самагубства ў турме ў Жодзіне. Асуджаны на 14 гадоў зняволення за незаконны абарот наркотыкаў 20-гадовы хлопец павесіўся ў адзіночнай камеры, але гэта своечасова заўважылі. Яму аказваюць меддапамогу.
Вось што распавяла ў эфіры тэлеканала АНТ Таццяна Беланог, афіцыйная прадстаўніца Упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці:
"Паводле папярэдніх дадзеных, грамадзянін 1995 года нараджэння, асуджаны судом Салігорскага раёна спрабаваў здзейсніць самагубства ў адзіночнай камеры. Следствам выконваецца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўстанаўленне ўсіх абставін таго, што здарылася, а таксама прычын і матываў, якія прывялі да такіх намераў".
Пра гэты выпадак стала вядома напярэдадні. Маці Ягора Пратасені (менавіта так завуць асуджанага) Святлана заявіла, што падчас апошняй сустрэчы з ім у снежні сын казаў, што з яго здзекуюцца. Таму ён можа пайсці на суіцыд. Маці яго ад гэтага адгаворвала. Адзначалася, што пасля спробы самагубства хлопец знаходзіцца "ў цяжкім стане без станоўчай дынамікі".
Фота: ria.ru