Смерць, выбары і эвакуацыя ізраільцян — #ІхНоравы

Замежныя навіны

Замежныя навіны / @rubanau_collage

Пакуль у Польшчы праходзілі парламенцкія выбары, памёр нобелеўскі лаўрэат Марці Ахцісаары, які быў узнагароджаны "за важныя намаганні для вырашэння міжнародных канфліктаў". Таксама памёр кампазітар Генадзь Гладкоў, які напісаў музыку да савецкага мультфільма "Брэменскія музыкі". Абодва пражылі амаль 90 гадоў.

Чаму ўлады Ізраіля эвакуююць сваіх грамадзян і што яшчэ адбываецца ў свеце, чытайце ў традыцыйнай рубрыцы Еўрарадыё #ІхНоравы.

 

У Польшчы прайшлі парламенцкія выбары

Польскія выбарцы масава падтрымалі цэнтрысцкую апазіцыю. Упершыню за 8 гадоў у яе з'явілася магчымасць сфармаваць урад і змяніць ва ўладзе кансерватараў.

Пасля абвяшчэння звестак з больш чым 60% участкаў лідзіруе кіроўная партыя "Права і справядлівасць" (менш за 38%). Нягледзячы на гэта, шанцы атрымаць большасць у Сейме вышэйшыя ў кааліцыі ліберальных сіл.

"Грамадзянская кааліцыя" экс-прэм'ера Дональда Туска, "Трэці шлях" і "Новыя левыя" разам папярэдне набіраюць 51% галасоў.

Улады Ізраіля эвакуююць жыхароў

Ізраільскія ўлады эвакуююць жыхароў некалькіх дзясяткаў населеных пунктаў, якія знаходзяцца менш чым за два кіламетры ад ліванскай мяжы. Да такой пастановы ўрад прыйшоў пасля абстрэлу ізраільскай тэрыторыі і ўдараў па Ліване: ЦАХАЛ заявіў, што атакаваў вайсковую інфраструктуру групоўкі "Хезбала".

Нагадаем, што раней армія абвясціла закрытай зонай тэрыторыю на адлегласці да 4 км ад мяжы з Ліванам. Некаторыя жыхары горада Нагарыя, які знаходзіцца ў гэтым раёне, настроеныя ваяўніча:

ХАМАС і "Ісламскі джыхад" крадуць грошы і жывуць за мяжой, а людзі (у сектары Газа) галадаюць, ім няма чаго есці.

Не стала чалавека, узнагароджанага "за важныя намаганні для вырашэння міжнародных канфліктаў"

Не стала Марці Ахцісаары. Былы прэзідэнт Фінляндыі, узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй міру ў 2008 годзе "за важныя намаганні для вырашэння міжнародных канфліктаў, прынятыя цягам больш чым трох дзесяцігоддзяў на некалькіх кантынентах", памёр ва ўзросце 86 гадоў.  

Два гады таму стала вядома, што ў Ахтысаары хвароба Альцгеймера на позняй стадыі.

Сярод яго найбольш прыкметных дасягненняў — удзел у падрыхтоўцы мірных пагадненняў, якія тычацца адыходу Сербіі з Косава ў канцы 1990-х, заяўкі Намібіі на незалежнасць у 1980-х і аўтаноміі правінцыі Ачэх у Інданезіі ў 2005 годзе. Ахцісаары таксама ўдзельнічаў у мірным працэсе ў Паўночнай Ірландыі, у канцы 1990-х яму было даручана сачыць за працэсам раззбраення групоўкі ІРА.

 

Памёр кампазітар "Брэменскіх музыкаў"

Памёр Генадзь Гладкоў — аўтар музыкі да многіх савецкіх фільмаў і мультфільмаў. Паводле яго менеджара Маліка Амінова, кампазітар пайшоў з жыцця "спакойна" ў сябе дома.

Гладкоў пражыў 88 гадоў.

Яго музыка гучыць у больш чым сотні карцін, сярод якіх — "Малы і Карлсан" (1968), "Брэменскія музыкі" (1969), "Джэнтльмены ўдачы" (1971), "12 крэслаў" (1976), "Звычайны цуд" (1978).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі