СМІ апублікавалі прапановы "ДНР" і "ЛНР" на перамовах у Мінску

Украінскія СМІ абнародавалі прапановы, з якімі ў аўторак выступілі на перамовах у Мінску прадстаўнікі "ДНР" і "ЛНР".

Дакумент мае 15 пунктаў. Іх асноўны сэнс, як адзначае УНІАН, зводзіцца да наступнага:

- забяспечыць усёабдымнае спыненне агню з 10.00 12 лютага 2015 (па Кіеве);

- забяспечыць адвод цяжкіх узбраенняў (калібрам 100 мм і больш): для ўкраінскіх войскаў — ад фактычнай лініі судакранання бакоў; для ўзброеных фармаванняў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей — ад лініі судакранання бакоў паводле Мінскага мемарандума ад 19 верасня 2014 года;

- прыняць да 20 лютага 2015 г. пастанову Вярхоўнай Рады з указаннем пераліку раёнаў, на якія распаўсюджваецца асаблівы статус;

- да 20 сакавіка 2015 года ўзгадніць з прадстаўнікамі асобных раёнаў праект Закона Украіны аб муніцыпальных выбарах у асобных раёнах і прыступіць да дыялогу па пытаннях прадастаўлення гэтым раёнам статусу аўтаноміі;

- адмяніць да 23 лютага 2015 года ўсе рашэнні палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Украіны аб правядзенні Узброенымі сіламі і Нацыянальнай гвардыяй антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе.

Акрамя таго, прапануецца абвясціць амністыю ўсім, хто ўдзельнічаў у падзеях у Данецкай і Луганскай абласцях, аднавіць сацыяльную сферу асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей (выплаты пенсій і дапамог). Прапануецца адвесці ўсе замежныя вайсковыя фармаванні, ваенную тэхніку, а таксама ваенны персанал і наймітаў з тэрыторыі Украіны, пры маніторынгу АБСЕ. Раззброіць усе незаконныя групоўкі.

Сярод прапановаў самаабвешчаных "рэспублік" — канстытуцыйная рэформа, якая ўключае глыбокую дэцэнтралізацыю праз забеспячэнне статусу аўтаноміі асобных раёнах Данбаса. Таксама прапануецца арганізаваць выбары ўсіх мясцовых органаў улады на гэтых тэрыторыях. Пад канец прапановаў згадваецца аб распаўсюдзе працы місіі АБСЕ на ўчасткі мяжы, што не знаходзяцца ў цяперашні час пад кантролем Украіны, прычым гэта павінна адбыцца пасля таго, як набудуць моц папраўкі ў Канстытуцыю Украіны.

Фота — Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі