Сотні тысяч чалавек патрабуюць перазняць апошні сезон "Гульні тронаў"
Гледачы "Гульні тронаў" стварылі інтэрнэт-петыцыю з патрабаваннем перазняць апошні сезон серыяла. Па словах стваральнікаў петыцыі, шоуранеры Бэніёф і Вайс зарэкамендавалі сябе ў восьмым сезоне як вельмі некампетэнтныя пісьменнікі, якія не змаглі зрабіць адэкватны фінал серыяла.
За шэсць дзён зварот да кабельнага канала НВО падпісала 268 тысяч чалавек, і людзі не спыняюцца. Прычына такой рэакцыі — другая палова восьмага сезона. На думку фанатаў, шоуранеры "зліваюць" персанажаў і іх гісторыі для сваіх мэт, ігнаруючы папярэднія сезоны і развіццё герояў.
На вядомым сайце з рэйтынгамі і водгукамі на кіно і серыялы Rotten tomatoes першая серыя апошняга сезона “Гульні тронаў” стартавала з рэйтынгам 92 %. Але кожны наступны выпуск атрымліваў усё менш і менш адабрэння. У выніку перадапошняя серыя атрымала ўсяго 47 % адабрэння ад гледачоў. Апошні сезон апынуўся ў рэйтынгу на апошнім месцы ў параўнанні з папярэднімі часткамі серыяла.
Аднак нягледзячы на нізкія рэйтынгі, апошні сезон культавага серыяла б'е ўсе рэкорды па колькасці гледачоў.