Спадчына ВКЛ павінна яднаць, а не падзяляць беларусаў і літоўцаў — Рада БНР
Вільня / pexels.com
Апошнім часам у сацсетках актывізаваліся спрэчкі пра спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Рада БНР выступіла з перасцярогай ад спрэчак паміж беларусамі і літоўцамі:
"Рада Беларускай Народнай Рэспублікі з насцярогай назірае за спробамі справакаваць раскол паміж беларусамі і літоўцамі вакол тэмы інтэрпрэтацыі гісторыі і спадчыны Вялікага Княства Літоўскага".
У сваім звароце Рада БНР адзначае, што ВКЛ было ўтворанае ў выніку шчыльнага ўзаемадзеяння балцкіх, усходнеславянскіх і заходнеславянскіх культураў і народаў.
"У бітвах пад Грунвальдам, Оршай, Сініх Водах, плячо да пляча супраць знешніх ворагаў на роўных ваявалі харугвы з Мінску й Вільні, Навагрудка й Трокаў, Віцебска й Коўна і іншых гарадоў. Спробы аспрэчыць права любога з нашых народаў называць сябе спадкаемцамі Вялікага Княства Літоўскага і лічыць гістарычную Літву сваёй дзяржаваю ёсць гістарычна беспадстаўнымі, заведама дэструктыўнымі і граюць на руку толькі і выключна агрэсіўным рэжымам Лукашэнкі і Пуціна", — гаворыцца ў звароце.
Рада БНР заклікае палітыкаў і лідараў грамадскай думкі як Беларусі, так і Літвы ўстрымацца ад агрэсіўнай узаемнай рыторкі пры абмеркаванні ВКЛ. Замест гэтага гісторыкам Беларусі і Літвы варта сфармуляваць "узважаны погляд на складаную і шматгранную гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, які б грунтаваўся на фактах, адкідаў нацыяналістычны падтэкст і прадугледжваў супольныя інтэрпрэтацыі, якія паважалі б пачуцці як беларусаў, так і літоўцаў, і паважаў тую ролю, якую памяць пра Вялікае Княства Літоўскае адыграла ў пабудове сучасных беларускай і літоўскай нацыяў".
Рада БНР звяртае на агульную спадчыну ВКЛ для беларусаў і літоўцаў. Яна павінна яднаць нашыя народы, але не падзяляць іх.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.