Ціханоўская — Літве: беларусы не маюць тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота

Святлана Ціханоўская падзякавала жыхарам Літвы за салідарнасць і дапамогу, якую беларусы атрымалі пасля пачатку масавых рэпрэсій з 2020 года.

"Беларусы ніколі не забудуць тую дапамогу, якую аказала нам Літва пасля 2020 года. Літоўская дзяржава і літоўскі народ падтрымалі беларусаў падчас масавых пратэстаў і выратавалі тысячы людзей, якія ўцякалі ад тэрору, якога Беларусь не бачыла са сталінскіх часоў", — цытуе яе зварот партал Delfi.

Ціханоўская прыводзіць статыстыку рэпрэсій: больш за 60 тысяч чалавек ужо прайшлі праз турмы, нават цяпер штодня затрымліваюць у сярэднім 15-20 чалавек — "за пратэст, нацыянальную сімволіку, падтрымку Украіны, урэшце, за беларускую мову".

Ціханоўская адзначае, што Літва заняла прынцыповую пазіцыю ў падтрымцы дэмакратычнай беларускай супольнасці, даючы прыклад астатнім краінам Еўропы. "Падтрымка Літвы і літоўскага народа патрэбная сёння беларусам як ніколі, каб вырвацца з кіпцюроў расійскай тыраніі", — дадае палітык.

Яна згадвае, што беларускі рэжым зачыніў літоўскія школы, праводзіць антылітоўскую прапаганду, заігрывае з вагнераўцамі. "Трэба дакладна разумець: Лукашэнка — гэта не Беларусь. Не беларусы пагражаюць Літве, а рэжым і яго памагатыя. І наша сумесная задача — іх спыніць. Тыя беларусы, якія прыехалі ў Літву, больш за ўсё на свеце хочуць вярнуцца дадому. Мы цэнім гасціннасць Літвы, але мы тут толькі часова", — падкрэслівае Ціханоўская.

Паводле яе словаў, заявы, якія прыніжаюць Літву і літоўскі народ, сыходзяць ад маргіналаў. "Я хачу падкрэсліць нашу агульную пазіцыю: літоўская тэрыторыя і дзяржава належаць народу Літвы і больш нікому. Межы непарушныя, хто кажа інакш — той правакатар, той на баку агрэсара. Беларусы не маюць і ніколі не будуць мець ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў. Для нас веліч народа — у павазе, якой ён карыстаецца ў свеце, а ў першую чаргу — з боку суседзяў", — кажа палітык.

Яна звяртаецца да літоўскіх уладаў, якія хочуць узмацніць абмежаванні супраць беларусаў у адказ на прысутнасць вагнераўцаў у Беларусі. На думку Ціханоўскай, такія абмежаванні ўдараць у першую чаргу па прадэмакратычна настроеных беларусах.

"Таксама гэта згуляе на руку Крамлю, які спрабуе сцерці розніцу паміж расейцамі і беларусамі. Але беларусы не расіяне, а Беларусь — не Расія. І ніколі ёй не стане. Нягледзячы на ўсе намаганні Пуціна і Лукашэнкі, ім не ўдалося ўцягнуць наш народ і войска ў вайну супраць Украіны. Сацыялагічныя даследаванні сведчаць, што большасць беларусаў не падтрымліваюць агрэсіўную палітыку ўзурпатараў", — звяртае ўвагу палітык.

Яна выказвае надзею, што Беларусь урэшце ўвойдзе ў Еўрасаюз, бо "толькі садружнасць у Еўрасаюзе гарантуе нам рэальную незалежнасць і не дазволіць Крамлю ўзяць рэванш". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі