Справа аб распальванні варажнечы: “выказвалі думкі” ці “знішчалі дзяржаўнасць”?
Прапануем гарачыя моманты дыскусіі:
Таццяна Караткевіч: “Свабода слова і выказванняў — гэта каштоўнасць. У дадзеным выпадку гэтага берасцейскага хлопца за абразлівыя выказванні ў адрас Беларусі можна было б аштрафаваць. У іх выказваннях ёсць абразлівыя рэчы”.
Севярын Квяткоўскі: “Там не проста антыбеларускія погляды, там выказванні супраць беларускай дзяржаўнасці. Яны сістэматычна працавалі над ідэяй знішчэння беларускай дзяржаўнасці як такой. Назваць газету “Савецкая Беларусь” нацысцкай гэта трызненне проста”.
Таццяна Караткевіч: “Калі расійскія СМІ запытваюцца ў мяне пра Эдуарда Пальчыса, наколькі ён распальвае антырасійскія настроі ўнутры Беларусі, я кажу, што не, што яго публікацыі — у межах свабоды слова. Але пры гэтым судзімасць ён мае”.
Севярын Квяткоўскі: “Але ж Пальчыс не прызывае знішчыць расійскую дзяржаву…”
Таццяна Караткевіч: “Такімі мерамі беларускія ўлады падліваюць паліва ў агонь, даводзяць дыскусію да напалу. Затрымка траншу Еўразійскага фонду развіцця, беларускія ўлады былі вымушаныя заплаціць авансавы плацёж за газ — выглядае, што ў беларускіх уладаў не засталося іншых аргументаў, каб звярнуць на сябе ўвагу”.
Севярын Квяткоўскі: “А іншыя людзі кажуць, што ва ўлады расплюшчыліся вочы, што следчыя нарэшце зрабілі нешта добрае”.
Таццяна Караткевіч: “А я лічу, што гэта няправільна, трэба ісці іншым шляхам, не шукаць ворагаў. Трэба рабіць новыя трэнды беларусізацыі, незалежнасці. Гэтая тэндэнцыя можа прывесці да таго, што будуць саджаць і за праеўрапейскія погляды”.
Севярын Квяткоўскі: “Справа не ў прарасійскіх і праеўрапейскіх поглядах. Людзі метадычна працавалі супраць нашай незалежнасці. Прынцыповае адрозненне ў нас з вамі, Таццяна, вы думае калі ісці мірным шляхам, у нас не паўторыцца украінскі варыянт. Проста адчуюць слабіну і ўвядуць войскі. Я ўспрымаю сённяшнюю расійскую дзяржаву як патэнцыйнага агрэсара”.
Таццяна Краткевіч: “Арышт гэтых людзей падсілкоўвае гэтую тэму. Такія меры ўлады даюць аргументы расійскаму боку ігнараваць нашы нармальныя пасылы, замінае будаваць нам выгадныя для нас стасункі”.
Севярын Квяткоўскі: “Колькі ні хавайся, колькі ні прыкідвайся тут пушыстымі, нічым гэта не дапаможа. Калі бачаць, што тут не ўсё так лагодна, то будзе менш спакусы ў людзей у расійскай уладзе”.
Слухаць цалкам можна тут: