Справа аб смяротнай экстазі-вечарынцы: разгляд пратэсту пракуратуры адкладзены

Суд удзельнікаў экстазі-вечарынкі. У зале паседжання.Фота: Марыя Вайтовіч​
Суд удзельнікаў экстазі-вечарынкі. У зале паседжання.Фота: Марыя Вайтовіч​

Разгляд пратэсту пракуратуры што да прысуду па справе аб смяротнай экстазі-вечарынцы ў Мінску перанесены. "Толькі што даслалі смс пра перанос суда на 12 красавіка", — паведаміў раніцай 26 сакавіка журналісту Еўрарадыё Іван, бацька Антона, які атрымаў самы суровы прысуд з усіх семярых фігурантаў справы.

Пракуратуру не задаволіла занадта мяккае пакаранне абвінавачаным, прызначанае судом Першамайскага раёна Мінска, і яна апратэставала прысуд. Сёння ў 14:00 мусіў прайсці апеляцыйны суд, але раніцай яго раптам адмянілі. Іван не выключае, што суд не гатовы да ўвагі прэсы.

"Імаверна, так. Сёння ў суд заедзе наш адвакат, паспрабуе даведацца пра прычыны", — кажа ён.

Прэс-сакратар Мінскага гарадскога суда Надзея Антонік патлумачыла Еўрарадыё, што дата была змененая сёння, бо суду спатрэбілася больш часу "для дадатковага разгляду справы".

Паседжанне адбудзецца 12 красавіка ў 14:00.

Як паведамляла Еўрарадыё, у студзені семярых удзельнікаў экстазі-вечарынкі, на якой ад перадазіроўкі загінула 19-гадовая Дзіяна, асудзілі па частцы 1 артыкула 328 за незаконны абарот наркотыкаў. 21-гадоваму Антону суд прызначыў тры гады абмежавання волі, ён правядзе іх у папраўчай установе. Соф'ю, якая разам з Антонам купляла экстазі, прысудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі" (абмежаванне волі без адпраўлення ў папраўчую ўстанову). Астатнія ўдзельнікі вечарынкі — Фёдар, Кіра, Марыя, Кацярына і Ілля — пакараныя двума гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі