"Справа БЕЛТА": у чым сутнасць, калі вы забылі

Марына Золатава / Еўрарадыё
Марына Золатава / Еўрарадыё

12 лютага ў будынку суда Маскоўскага раёна Мінска пачаўся разгляд справы галоўнага рэдактара найбуйнейшага беларускага інфармацыйнага партала TUT.BY Марыны Золатавай, больш вядомай як "справа БЕЛТА". У гісторыі сучаснай Беларусі гэта другі выпадак, калі галоўнага рэдактара СМІ судзяць за прафесійную дзейнасць.

Што такое "справа БЕЛТА" і што пра яе трэба ведаць

7 жніўня 2018 года каля 9.20 раніцы Следчы камітэт паведаміў аб завядзенні крымінальнай справы па ч. 2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў нанясенне істотнай шкоды). Як стала вядома пазней, пад "несанкцыянаваным доступам" следчыя мелі на ўвазе той факт, што рэдактары і журналісты чыталі платныя навіны дзяржаўнага інфармагенцтва па закрытай падпісцы БЕЛТА пад чужым паролем.

У кватэрах журналістаў і ў офісах рэдакцый прайшлі шматгадзінныя ператрусы. Кадры ператрусаў у Марыны Золатавай, галоўнага рэдактара TUT.by, і Таццяны Каравянковай,  журналіста БелаПАН, трапілі ў эфір навін на дзяржТБ. Пазней стала вядома, што Золатава, Каравянкова і яшчэ чатыры рэдактары TUT.by знаходзяцца ў Цэнтральным апараце СК.

8 жніўня ў справе з'яўляюцца новыя фігуранты. Ператрусы праходзяць у фрылансера Deutsche Welle, медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага і ў журналіста Аляксея Жукава. Для давання паказанняў у СК былі дастаўленыя некалькі журналістаў і галоўрэд партала Realt.by Уладзіслаў Кулецкі. Пасля ператрусу дома затрыманая галоўны рэдактар ​​БелаПАН Ірына Леўшына. Усяго затрыманых, дапытаных па "справе БЕЛТА", — 15 чалавек (усіх адпусцілі).

Падчас следства Марына Золатава становіцца падазраванай яшчэ па адным артыкуле — ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы).

"Тырыць навіны"

Займальна і сумна адначасова ў гэтай гісторыі тое, што 7 жніўня галоўная дзяржаўная газета "СБ. Беларусь сегодня" апублікавала матэрыялы следства па "справе БЕЛТА". Сярод іншага на сайце газеты з'явіўся запіс тэлефоннай размовы паміж рэдактарамі партала TUT.BY Марынай Золатавай і Ганнай Калтыгінай. Запіс у рэдакцыю перадалі следчыя органы.

“Дело БЕЛТА”: в чём суть, если вы забыли

Расшыфроўка размовы:

Золатава: "Ну, мы ж БЕЛТУ тырым? Фактычна вы бераце тыя навіны, якія ў адкрытым доступе? Ці вы бераце навіны з падпіскі, не чакаючы таго, як яны з'явяцца ў адкрытым доступе?"

Калтыгина: "Я табе шчыра скажу: я карыстаюся падпіскай і нават не адкрываю сам сайт БЕЛТЫ. Ну практычна ніколі. Таму што па падпісцы гэта з'яўляецца хутчэй. На прэсухах нейкіх і гэтак далей гэта, у прынцыпе, важна. Таму, у прынцыпе , так — мы яе юзаем, мы яе тырым".

Пасля публікацыі гэтай размовы некаторыя пачалі сумнявацца ў сумленнасці TUT.BY і іншых журналістаў, якія фігуравалі ў справе. Але тут варта адзначыць, што слова "тырыць" у кантэксце гэтай размовы ды і на журналісцкім жаргоне ў цэлым азначае не "красці", а браць навіны са спасылкай на першакрыніцу.

Запіс размовы сведчыць аб тым, што тэлефоны супрацоўнікаў TUT.BY праслухоўвалі да завядзення справы.

Прадстаўнік Следчага камітэта ў Камітэце па правах чалавека ААН заявіла, што "справа БЕЛТА" — гэта банальнае хакерства".

Золатаву спрабуюць адхіліць ад пасады галоўрэда TUT.by?

У пачатку лістапада 14 падазраваным было выстаўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 249, а таксама грамадзянскія пазовы БЕЛТА. Кожны журналіст павінен быў заплаціць суму, роўную падпісцы на платную версію інфармагенцтва на некалькі месяцаў. 22 лістапада быў спынены крымінальны пераслед у дачыненні да Быкоўскага і Кулецкага, яны пакрылі шкоду і выплацілі штраф — сумы вар'іруюцца ад 3 да 17 тысяч рублёў (ад 1500 да 8000 даляраў).

У гэты ж дзень галоўнаму рэдактару TUT.BY было выстаўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 425 КК. Золатаву адзіную не абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да БЕЛТА. Санкцыі па артыкуле "Бяздзейнасць службовай асобы" прадугледжваюць штраф або пазбаўленне волі да пяці гадоў.

У канцы лістапада крымінальны пераслед быў спынены ў дачыненні да ўсіх фігурантаў справы (яны пакрылі шкоду і заплацілі штрафы), акрамя Марыны Золатавай. Пасля Следчы камітэт некалькі разоў адмовіў ёй у хадайніцтве аб спыненні крымінальнага пераследу па "справе БЕЛТА".

“Дело БЕЛТА”: в чём суть, если вы забыли

Юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч лічыць, што артыкул, па якім будуць судзіць Марыну Золатаву, нашмат сур'ёзнейшы за той, які інкрымінавалі фігурантам першапачаткова — несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі.

— Гэты артыкул прадугледжвае максімальны тэрмін пазбаўлення волі да 5 гадоў. Ніякай альтэрнатывы гэтаму, акрамя штрафу, няма. Таксама артыкулам прадугледжваецца пазбаўленне права займаць пэўныя пасады.

Так што не выключана, што Золатава не зможа займаць пасаду галоўнага рэдактара TUT.by. Дарэчы, менавіта такі аргумент у кулуарах часта агучваюць калегі-журналісты.

"Дзеянні Следчага камітэта выглядалі як спланаваная кампанія"

Праваабаронцы звязваюць "справу БЕЛТА" з агульным ціскам на сродкі масавай інфармацыі. Новая рэдакцыя Закона аб СМІ, на думку Стэфановіча, скоўвае ў дзеяннях менавіта журналістаў інтэрнэт-рэсурсаў.

— У гэтым кантэксце мы і разглядаем гэтую справу. Мы як праваабаронцы кажам, што дзеянні Следчага камітэта выглядалі як спланаваная кампанія.

Старшыня "Беларускай асацыяцыі журналістаў" Андрэй Бастунец лічыць, што Следчы камітэт у "справе БЕЛТА" выступіў як рэкецір, "які выбіваў грошы з журналістаў нібыта за той шкоду, які яны нанеслі БЕЛТА".

— Самае дзіўнае, што пад крымінальнай адказнасцю засталася Марына Золатава, да якой якраз не было прэтэнзій па артыкуле пра несанкцыянаваны доступ.

Перад судом Золатава дзеліцца сваім меркаваннем, чаму яна апынулася на лаве падсудных:

"Я лічу, што акрамя самой БЕЛТА тут ёсць іншыя прычыны, чаму гэта адбылося. Адна з іх — тое, што інтэрнэт-медыя непадкантрольныя дзяржаве. У той час як тэлебачанне і радыё, напрыклад, ужо даўно пад кантролем дзяржавы, інтэрнэт — пакуль што не. Маглі б неяк па-іншаму дзейнічаць. Мне ёсць аб чым шкадаваць — я пра гэта ўжо казала, і я скажу падчас суда", — дадае яна.

“Дело БЕЛТА”: в чём суть, если вы забыли

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі