Спускі ў мінскія падземныя пераходы спрашчаць не будуць
У Мінску не плануюць рабіць больш спадзістыя пандусы на спусках у падземныя пераходы. Пра гэта заявіў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
Ён растлумачыў, што на сталічных вуліцах часта бракуе месца для больш спадзістых пандусаў на спусках у падземныя пераходы. Што да дублявання падземных пераходаў наземнымі, то з такім захадам старшыня Мінгарвыканкама таксама не згодны: маўляў, на буйных вуліцах такія змены інфраструктуры рызыкуюць спрычыніцца да павелічэння затораў на дарогах.
Але ў Мінскім роварным таварыстве настойваюць: уваходы ў падземку — нязручныя. І ўвогуле, падземныя пераходы – адзін вялікі недахоп мінскай інфраструктуры.
— Паводле піраміды транспартных прыярытэтаў пры праектаванні гарадскіх маршрутаў перадусім неабходна ўлічваць інтарэсы пешаходаў і раварыстаў, потым грамадскага транспарту і толькі пасля — асабістага аўтамабіля. Гэта лагічна, бо не ўсе пешаходы — аўтамабілісты, але ўсе аўтамабілісты — пешаходы. І часам могуць перасоўвацца з цяжкай торбай, дзіцячым вазком ці тым жа роварам.
Пры рэканструкцыі праспекта Дзяржынскага чыноўнікі справаздачыліся аб пракладзенай веладарожцы: маўляў, працуем паводле канцэпцыі развіцця веларуху. Вось толькі эксперты БАЭС [Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце. — Еўрарадыё] падлічылі: на ўчастку ў пяць кіламетраў у раварыстаў здараецца перапрабег ад 2 да 2,7 кіламетра. Падземныя пераходы істотна замінаюць камфортнаму веларуху.
Уладам Мінска чамусьці няўцям: да змяншэння затораў на сталічных дарогах спрычыніцца якраз павелічэнне колькасці раварыстаў. А цяпер іх большае нават насуперак нязручным умовам руху. Відавочна, што падземныя пераходы пасуюць адно аўтамабілістам. Але калі кіравацца найперш іх інтарэсамі, гарадскія вуліцы з прыемнай прасторы ператворацца ў суцэльную аўтастраду, непрыдатную для жыцця.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.