Стала вядома, чаму беларусы разводзяцца
Кожны год на развод падаюць больш за 30 тысяч пар
Штогод беларускія суды атрымліваюць заявы аб разводзе ад больш чым 30 тысяч сем'яў. Для разумення: гэта больш за палову ад колькасці зарэгістраваных шлюбаў.
І галоўная прычына разладаў — далёка не здрада. Як у эфіры Першага канала беларускага радыё паведаміла суддзя Вярхоўнага суда Вера Кругава, у 54% выпадкаў прычына разводу — "несумяшчальнасць характараў", розныя погляды на будучыню або "адсутнасць агульных інтарэсаў".
Каля 20% пар указваюць як прычыну разводу "паасобнае пражыванне на працягу доўгага часу", а "страту любові і павагі" — больш за 10%.
Шкодныя звычкі або хатні гвалт як прычыну заявы называюць у 10% выпадкаў. А вось здрады — толькі ў 7% ад заяў.
Пераважную большасць заяў на развод (72%) падаюць жанчыны.
Статыстыка па разводах у Беларусі
Калі ў 2020 годзе было больш за 35 тысяч разводаў, то ў 2023 — 33,9 тыс. Але і зарэгістраваных шлюбаў таксама стала заўважна менш. Калі ў 2015 годзе ў Беларусі было зарэгістравана больш за 82 тысячы шлюбаў, то ў 2023 — крыху больш за 56 тысяч. Менш за ўсё шлюбаў было зарэгістравана ў 2020 годзе — 50 тысяч.
Паводле статыстыкі, у 2023-м на кожную тысячу шлюбаў прыпадала 606 разводаў. Для параўнання: у 2014-м у Беларусі было 402 разводы на кожную 1000 шлюбаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.