Чэкан расказаў "Маці 328", хто не ўзгадніў змены ў антынаркатычнае заканадаўства
Праўкі па зменах у "антынаркатычным" артыкуле 328 не ўзгаднілі Вярхоўны суд і МУС. Пра гэта заявіў член пастаяннй камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Васіль Чэкан, які выйшаў да ўдзельніц руху "Маці 328".
Як распавядала Еўрарадыё, 19 снежня дэпутаты не сталі разглядаць змякчэнне антынаркатычнага заканадаўства, спаслаўшыся на няўзгодненасць з дзяржаўнымі органамі. Сёння ўдзельніцы руху "Маці 328", чые сваякі сядзяць па гэтым артыкуле, прыйшлі пікетаваць Палату прадстаўнікоў: яны патрабуюць, каб дэпутаты працягнулі сесію і разгледзелі законапраект.
Разам са змякчэннем антынаркатычнага заканадаўства разглядаліся іншыя праўкі ў Крымінальны кодэкс. І іх дэпутаты прынялі.
Як паведаміў удзельніцам руху "Маці 328" дэпутат Чэкан, законапраект прымаўся па агульным ўзгадненні. Паколькі не прыняць яго было немагчыма (там прапанавана больш за 100 зменаў), было вырашана выключыць праўкі па 328-м артыкуле.