Стала вядома, колькі "Табакеркі" будуць плаціць за арэнду зямлі ў Мінску

Стала вядома, колькі "Табакеркі" будуць плаціць за арэнду зямлі ў Мінску

470 шапікаў-"Табакерак" адчыняць у Мінску. Журналісты партала TUT.by падлічылі, колькі давядзецца плаціць за арэнду зямлі пад гэтыя шапікі ў сталіцы.

Згодна з указам кіраўніка дзяржавы, мясцовыя ўлады абавязаныя вылучаць для кампаніі "Энерга-Оіл" Аляксея Алексіна зямельныя ўчасткі для размяшчэння гэтых шапікаў без аўкцыёнаў. 

Паводле інфармацыі TUT.by, месячная арэндная плата для "Табакерак" у Мінску складае 101,4 рубля за квадратны метр. Плошча аднаго шапіка — мінімум 6,25 квадратнага метра. Атрымліваецца, што за ўвесь шапік у месяц трэба заплаціць мінімум 633,75 рубля, або каля 300 долараў паводле цяперашняга курсу.

Як даведаліся журналісты, у Мінску для размяшчэння "Табакерак" вылучана каля 470участкаў. Гэта значыць, што ў месяц іх сукупная арэнда павінна каштаваць мінімум 297,8 тысяч рублёў (або каля 140,5 тысячы долараў). За год набягае каля 1,7 мільёна долараў.

Дарэчы, арэндная плата пералічваецца той арганізацыі, у карыстанні якой знаходзіцца зямельны ўчастак. Ад гэтай сумы толькі 25% пералічваецца ў бюджэт Мінска. Такім чынам, сталічны бюджэт за год атрымае мінімум 425 тысяч долараў.

Асноўным атрымальнікам арэнды ад "Табакерак" стане дзяржаўнае прадпрыемства "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама": большасць шапікаў стаяць на ходніках ля праезнай часткі і на прыпынках. 

Мінчукі не аднойчы выказвалі пратэст супраць усталявання "Табакерак". Кіраўнік аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка прапаноўваў вярнуць на мінскія вуліцы шапікі і іншых бізнэсоўцаў, а не толькі кампаніі "Энерга-Оіл". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі