Стала вядома, на колькі вырастуць акцызы на паліва, алкаголь і цыгарэты у 2018-м
Беларускія ўлады паведамілі, на колькі вырастуць акцызы на паліва, алкаголь і цыгарэты у 2018 годзе, піша tut.by. Стаўкі абнародаваныя ў праекце Закона "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь" на сайце Міністэрства фінансаў.
Напрыклад, стаўкі акцызаў на маторнае паліва прапануецца павысіць на 10%.
Акцыз на аўтамабільны бензін, не адпаведны пятаму класу, плануецца павысіць у два этапы — з цяперашніх 527,37 рубля да 580,11 рубля за тону, акцызы на бензін пятага класа вырастуць з 306,17 да 336,79 рубля.
Стаўкі акцызу на дызельнае паліва, не адпаведнае пятаму класу, мяркуецца павысіць з 226,73 рубля да 249,4 рубля за тону, на дызпаліва пятага класа — з 167,67 да 184,44 рубля. Акцызы на дызель з метылавага эфіру тлустых кіслот вырастуць з 38,6 да 42,46 рубля.
Вырастуць таксама стаўкі акцызаў на спіртныя напоі і цыгарэты.
Так, акцызы на моцны алкаголь Мінфін хоча павысіць на 3,5% — з 13,45 да 13,92 рубля за 1 літр бязводнага этылавага спірту, які змяшчаецца ў гатовай прадукцыі. Адпаведныя акцызы на пладовыя віны вырастуць з 11,07 да 11,46 рубля, віны натуральныя і шампанскія — на 7,5% з 80 да 86 капеек, слабаалкагольныя напоі — на 7% з 10,47 да 11,2 рубля.
На піва стаўкі акцызаў плануецца павялічыць на 2,8% — з 35 да 36 капеек за 1 літр гатовай прадукцыі.
Акцызы на цыгарэты, згодна з законапраектам, мусяць вырасці на 15%.