Стала вядома, якія змены ўлады Беларусі падрыхтавалі для ІП
Стала вядома, якія змены ўлады Беларусі падрыхтавалі для ІП. Пра іх у пятніцу на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі распавёў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў. "Для ўдасканалення прадпрымальніцкай дзейнасці" падрыхтаваны праект закона, мэта якога — "павысіць узровень удзелу грамадзян у фінансаванні дзяржаўных расходаў за кошт увядзення простых умоў і стымулаў для арганізацыі і маштабавання сваёй справы", паведамляе БЕЛТА.
Паводле слоў Чарвякова, распрацавана новая структура малога бізнесу, якую замацуюць законам. Яна будзе складацца з трох катэгорый: самазанятыя, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы (мікра- і малыя прадпрыемствы). У лік самазанятых збіраюцца ўключыць асобаў, якія "самастойна вядуць прафесійную дзейнасць" (гэта краўцы, перакладчыкі, няні, дызайнеры, рэпетытары), рамеснікаў і ўладальнікаў аграэкасядзіб.
"Сёння гэтыя катэгорыі не ўлічваюцца ў прадпрымальніцкай дзейнасці, — кажа міністр эканомікі. — Але доля такіх грамадзян складае 15% ад занятых у мікрабізнэсе. Гэта каля 100 тысяч чалавек". Урад вызначыць для самазанятых забароненыя віды дзейнасці (гандаль, транспартныя паслугі і г. д.).
На нарадзе прагучала, што стаіць задача стварыць сістэму эканамічных і адміністрацыйных стымулаў, каб ІП больш актыўна станавіліся юрыдычнымі асобамі. Аляксандр Чавякоў прапануе гэта рэалізаваць "не па жорсткім сцэнары, а эвалюцыйна".
З 2023 года для ІП плануецца цалкам выключыць прымяненне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. У якасці асноўнага падатковага рэжыму пачнуць выкарыстоўваць падаходны падатак з павелічэннем яго стаўкі з 16% да 20%, а з 2024-га — да 25%. Прапануецца скараціць пералік відаў дзейнасці для выплаты адзінага падатку і павялічыць яго стаўкі ў паўтара-тры разы. Міністр эканомікі кажа, што "адначасова з гэтым для мікраарганізацый захоўваецца магчымасць выкарыстання спрошчанай сістэмы падаткаабкладання: 6% ад выручкі".
Самазанятым прапануецца плаціць падатак на прафесійны даход — 10% ад выручкі (ён уключае ў сябе адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны). Такі ж падатак будуць выплачваць уладальнікі аграэкасядзіб. Для рамеснікаў захоўваецца права выбару: або падатак на прафесійны даход або рамесны збор (2 базавыя велічыні ў год).
"Мая галоўная ўмова — гэта празрыстасць і магчымасць кантролю прадпрымальніцкай дзейнасці, — гаварыў Лукашэнка. — Бізнес павінен мець зразумелыя правілы для старту і росту, а дзяржава — сумленнага плацельшчыка падаткаў і партнёра ў рэалізацыі праграм развіцця. Тое, што ў нас тут конь не валяўся, гэта няўзброеным вокам бачна".
Законапраект адпраўлены на дапрацоўку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.