Стала вядомая праграма паездкі Лукашэнкі ў Гомель
Стала вядомая праграма сённяшняй рабочай паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Гомель. Ён наведае чыгуначны вакзал, будаўнічую пляцоўку па рэканструкцыі дзіцячай абласной клінічнай бальніцы і кандытарскую фабрыку "Спартак", інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Адзначым, што па неафіцыйнай інфармацыі чакалася наведванне і "Гомсельмаша", але ў паведамленні прэс-службы гэтае прадпрыемства не згадваецца.
БЕЛТА дадае, што на чыгуначным вакзале ў Гомелі Лукашэнку праінфармуюць пра выкананне яго даручэнняў па развіцці транспартнай інфараструктуры нашай краіны (і чыгункі, і аўтадарог). Найперш гаворка пойдзе пра адкрыццё руху на ўчастку аўтадарогі М5 Бабруйск — Жлобін, пра датэрміновае ўвядзенне ў эксплуатацыю аўтадарогі Мінск — Гомель, пра завяршэнне электрыфікацыі чыгункі Мінск — Гомель. Аляксандру Лукашэнку пакужуць новы электрацягнік кампаніі "Штадлер", кітайскі электравоз серыі БКГ-2.
Падчас наведвання будаўнічай пляцоўкі дзіцячай бальніцы гаворка пойдзе пра дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі і гомельскім рэгіёне. На фабрыцы "Спартак" кіраўнік дзяржавы выслухае даклад пра рэканструкцыю і мадэрнізацыю прадпрыемства. Яму распавядуць і пра сітуацыю ў галіне.