Сталі вядомыя склады каманд у матчы Кубка федэрацыі Беларусь — Швейцарыя
Сталі вядомыя склады каманд у паўфінальным матчы Сусветнай групы Кубка федэрацыі Беларусь — Швейцарыя. Ён пройдзе 22-23 красавіка на сталічнай “Чыжоўка-Арэне”. Як інфармуе прэс-служба Беларускай тэніснай федэрацыі, за беларускую зборную (яе капітан — Эдуард Дуброў) выступяць Аляксандра Сасновіч, Арына Сабаленка, Вольга Гаварцова і Вера Лапко. У складзе зборнай Швейцарыі выступяць: Цімеа Бачынскі, Вікторыя Галубіч, Белінда Бенчыч і нават суперзорка сусветнага тэнісу 36-гадовая Марціна Хінгіс. Адзначым, што ў першай сотні рэйтынгу WTA знаходзяцца швейцаркі Бачынскі і Галубіч, Хінгіс — 8-я ў парным разрадзе. А вось найлепшая з беларусак Сасновіч толькі 108-я ракетка свету.
Варта адзначыць, што ў паўфінале Сусветнай групы Кубка федэрацыі жаночая зборная Беларусі згуляе ўпершыню. 22 красавіка пройдуць дзве адзіночныя сустрэчы, на 23 красавіка запланаваны яшчэ два адзіночныя паядынкі і парная сустрэча.