Стаматолага з Заслаўя будуць судзіць за 16 каментароў у інтэрнэце
Следчы камітэт / sputnik.by
44-гадовага жыхара Заслаўя ўзялі пад варту і пачалі крымінальную справу за каментары ў інтэрнэце, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. Гэта кіраўнік прыватнай стаматалагічнай клінікі.
Гаворыцца, што мужчына "быў актыўным падпісчыкам радыкальных тэлеграм-каналаў" і пакідаў абразлівыя каментары на адрас прадстаўнікоў улады, "а таксама пагражаў іх сваякам фізічнай расправай". Вінавацяць яго і ў абразе Лукашэнкі.
У кастрычніку 2022 года мужчыну затрымалі міліцыянты.
Агулам следчыя выявілі 16 каментароў. На стаматолага пачалі крымінальную справу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза суддзі).
Да суда мужчыну трымаюць пад вартай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.