Старшыня КДБ: Кожны беларус, які ваюе на Данбасе, некалі за гэта адкажа
Людзі, якія паехалі забіваць другіх людзей і прывыклі гэта рабіць, не могуць застацца па-за ўвагай спецслужбаў, сказаў Валерый Вакульчык.
Старшыня КДБ Валерый Вакульчык не верыць, што беларусы, якія ваююць ва Украіне, робяць гэта бясплатна. Прычым, тычыцца гэта як тых, хто змагаецца на баку Украіны, так і тых, хто знаходзіцца ў складзе атрадаў сепаратыстаў. І пры наяўнасці доказаў атрымання грошай іх будуць судзіць за наёмніцтва. Такую заяву старшыня КДБ зрабіў парламенце, адказваючы на пытанне Еўрарадыё.
Праўда, па яго словах, прыцягненне да адказнасці па гэтым артыкуле — справа МУС. Але і КДБ, кажа Вакульчык, не пакіне гэтых людзей без сваёй увагі.
Вакульчык: “Яны пайшлі туды забіваць людзей. А потым яны прыедуць сюды, будуць сярод нас. А яны маюць вопыт і прывыклі падчас таго, што там адбываецца, забіваць людзей. Як мы павінны да іх ставіцца? Гэта пытанне для кожнага і ў тым ліку для журналістаў — задумацца над гэтай праблемай. Вядома, яе трэба вырашаць. І гэтыя людзі павінны разумець, што рані ці позна ім давядзецца адказваць”.
Як раней паведамляла Еўрарадыё, украінскія ўлады абяцалі даць грамадзянства ўсім замежнікам з добраахвотных батальёнаў, але і сёння пытанне гэтае застаецца не вырашаным.
Фота: Reuters