Старшыня КДБ: Затрыманыя 20 чалавек, Юрый Чыж уцякаў на аўтамабілі
Старшыня КДБ Валерый Вакульчык у аўторак заявіў, што бізнесмен Юрый Чыж арганізаваў стварэнне ў Расіі ілжэфірмы для фінансавых махінацый. "Здзяйсненне фінансава-гаспадарчай дзейнасці не меркавалася ад пачатку", — цытуе словы Вакульчыка БЕЛТА. Кіраўніком фірмы быў грамадзянін Расіі, памочнік і кіроўца бізнесмена.
Схема была такая: чатыры гады таму "Трайпл" перадаў згаданай фірме правы на таварны знак. Пасля штомесячна ён пераводзіў буйныя грашовыя сумы, нібыта, як аплату за карыстанне таварным знакам. Гэтыя грошы абнаяўліваліся гендырэктарам і адзіным супрацоўнікам фірмы, ды перадаваліся Чыжу, інфармуе onliner.by.
Гаворка ідзе пра мільярды рублёў незаплачаных падаткаў. Па справе Чыжа арыштаваныя пяць чалавек, адзін затрыманы, адзначыў старшыня КДБ. Высветлілася, што Юрый Чыж, даведаўшыся пра ператрус у офісе, уцякаў у бок літоўскай мяжы, а пасля выехаў на брэсцкую трасу, ён ехаў на аўтамабілі "на вялізнай хуткасці, 220 кіламетраў за гадзіну". Каб яго затрымаць, быў задзейнічаны план "Перахоп", выкарыстоўваліся спецпадраздзяленні.
Таксама Валерый Вакульчык распавёў, што намеснік Юрыя Чыжа ў кампаніі "Трайпл" Уладзімір Япрынцаў быў затрыманы мінулым летам пасля заявы яго кіраўніка. Разам з Чыжом у КДБ тады звярнуліся два яго расійскія партнёры. Яны заявілі пра супрацьпраўдную дзейнасць Япрынцава. Падчас расследавання гэтай справы і былі атрыманыя доказы аб ухіленні ад выплаты падаткаў групы кампаній "Трайпл", дадаў Вакульчык.
15 сакавіка стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго вядомага беларускага бізнесмена Яўгена Баскіна, уладальніка "Сервалюкса". Вакульчык пацвердзіў існаванне крымінальнай справы па гэтай кампаніі. Былі затрыманыя 15 чалавек, якія, паводле слоў старшыні КДБ, яшчэ нядаўна лічылі сябе "недатыкальнымі". Гаворка ідзе пра 370 млрд рублёў стратаў, якія былі нанесеныя кампаніяй. Былі распачатыя таксама крымінальныя справы ў адносінах службовых асобаў ААТ "Фронтэкс" і "Консул", інфармуе sputnik.by.