Статкевіча завочна асудзілі на 15 сутак арышту за мітынг 3 ліпеня
Ленінскі раённы суд мінска асудзіў апазіцыянера Мікалая Статкевіча на 15 сутак за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 3 ліпеня.
Паводле інфармацыі праваабарончага сайта "Вясна", суддзя Юлія Кавяка разглядзела справу Статкевіча без яго прысутнасці. Пастанову апазіцыянер атрымаў па пошце.
Паводле суда, Статкевіч вінаваты ў тым, што 3 ліпеня прыняў актыўны ўдзел у недазволеным мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску дзе публічна абмяркоўвалася адмена вайсковых вучэнняў “Захад-2017” і вызваленне палітвязняў.
Тым не менш палітык знаходзіцца на волі. У каментары Радыё "Свабода" Статкевіч заявіў, што сам у турму не пойдзе, а пачакае, пакуль па яго прыйдуць. "Калі не захочуць, то скажуць "месцаў няма", гэта ўжо было", — патлумачыў ён.
Дарэчы, толькі цяпер стала вядома, што яшчэ 5 ліпеня у судзе Савецкага раёна Статкевіча аштрафавалі на 1050 рублёў (50 базавых велічыняў) за паўторны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу на Ваенных могілках 8 траўня.