Стэфановіч: Машына выканання смяротных прысудаў працуе незалежна ад зносін з ЕС
Выкананне чарговага смяротнага прысуду ніяк не паўплывае на ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. І ніяк ад узроўню гэтых узаемаадносінаў не залежыць. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае юрыст незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
Валянцін Стэфановіч: “Гэтая машына (выканання смяротных прысудаў — Еўрарадыё) працуе сама па сабе, незалежна ад узроўню нейкіх стасункаў з кім бы там ні было. І ёй, гэтай машыне, ніхто ніякіх іншых указанняў не даваў. Ёсць прысуд, ёсць працэдуры розных абскарджанняў, камісія па памілаванні, прэзідэнт… У выніку, калі надыходзіць час, прысуд выконваюць. А ў свеце прэвалююць геапалітычныя рэчы. Калі каштоўнасць правоў чалавека і ўсіх такіх прынцыповых рэчаў адсоўваецца на трэці план. Цяпер галоўнае — стабільнасць у рэгіёне і бяспека. А Беларусь нічога кепскага не робіць: Крым не адціскае, не стварае праблем для суседзяў. І гэта цэніцца. Так, Еўрасаюз чарговы раз расчаруецца, скажа, што “мы ж вас просім і чакаем ад вас прагрэсу, а вы яго не дэманструеце”. Але стасункі будуць працягвацца, бо для ЕС важна захоўваць наяўны баланс, каб Беларусь канчаткова не скацілася ў сферу расійскага ўплыву”.
Па словах Валянціна Стэфановіча, праваабаронцам было вядома пра сем чалавек, якія “знаходзяцца ў калідоры смяротнікаў” і чакаюць выканання прысуду. Цяпер такіх засталося шасцёра. Прычым, кажа прадстаўнік “Вясны”, прысуд Кірылу Казачку выканалі яшчэ ў кастрычніку 2017 года. Але толькі цяпер пра гэта стала вядома ад сваякоў пакаранага.
Нагадаем, прысуд 39-гадоваму жыхару Мазыра Кірылу Казачку быў агучаны Гомельскім абласным судом у снежні 2016-га на выязным пасяджэнні ў Мазыры. Мужчыну прызналі вінаватым у забойстве ў студзені 2016 года 9-гадовай дачкі і 17-гадовага сына. Ад абскарджання прысуду ён адмовіўся.