Стэфановіч: Сыходзіць у падполле не збіраюся
Вядомы праваабаронца, паплечнік Алеся Бяляцкага вярнуўся ў Беларусь пасля двух месяцаў жыцця ў Вільні.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч вярнуўся ў Беларусь. Ад пачатку жніўня, пасля арышту Алеся Бяляцкага, ён вымушана жыў у Вільні. Справа ў тым, што разам са звесткамі пра банкаўскія рахункі Бяляцкага ў Мінск з Літвы былі перададзеныя дадзеныя і пра Стэфановіча. Еўрарадыё паразмаўляла з праваабаронцам пасля яго вяртання ў Мінск.
Еўрарадыё: Як вы дабраліся да Беларусі?
Стэфановіч: Пакуль усё добра, спакойна. Дабраўся нармальна. На пашпартным кантролі ніякіх праблем не ўзнікла.
Еўрарадыё: Якія цяпер вашы бліжэйшыя планы? Ці пойдзеце самі ў падатковую "здавацца"?
Стэфановіч: Навошта мне здавацца, калі мяне і так ужо здалі? Не, здавацца мне туды не трэба. Там зараз працэдуры былі распачатыя ў так званай "загаднай вытворчасці". Падатковая падала заяву ў суд. І выплыла такое азначэнне аб "загаднай вытворчасці" (такая працэдура ёсць у ГПК, у грамадзянскім працэсе, — “спагнанне ў бясспрэчным парадку, калі ёсць запазычанасць перад бюджэтам”).
Але перад паездкамі я паспеў напісаць пярэчанні на гэтыя вызначэнні і яны па працэдуры мусілі адмяніць гэты загад, і падатковая зараз мусіць падаваць іск, і ўсё гэта будзе спаганяцца ўжо ў іскавай вытворчасці, а менавіта — у судовым працэсе, суд мусіць адбывацца. Пакуль ніякіх іскаў не прыходзіла.
Мне тут распавялі, што судовыя выканаўцы адзін раз прыходзілі, але гэта, відаць, калі яшчэ гэты загад быў вынесены. Мая жонка іх не пусціла, сказала, што мяне няма. А зараз — цішыня.
Я буду чакаць іску ад падатковай, буду ўдзельнічаць у судовым працэсе. І калі суд прыме рашэнне на карысць падатковай, буду абскарджваць у вышэйстаячых інстанцыях судовых. Такія мае планы на сёння. Гэтыя выходныя хачу пабыць з сям'ёй, бо я іх не бачыў, фактычна, два месяцы.
Еўрарадыё: Вы не плануеце сыходзіць у падполле, хавацца?
Стэфановіч: Я не бачу ў гэтым сэнсу. Калі б я хацеў хавацца, сыходзіць у падполле, дык я б і не прыязджаў. Бо мне неаднаразова прапаноўвалі палітычны прытулак у самых розных краінах і літаральна ўчора міністр замежных спраў Літвы мне асабіста тэлефанаваў і казаў, што, магчыма, я перадумаю. Ён хваляваўся аб тым, ці буду я тут знаходзіцца ў бяспецы, і каб я, можа, не вяртаўся ў Беларусь. Паколькі я вярнуўся назад, то я буду займацца тым, чым я займаўся раней.
Фота — svaboda.org