Страйкаму МЗКЦ не дазволілі арганізаваць галасаванне пра забастоўку
20 жніўня страйкаму Мінскага завода колавых цягачоў перашкодзілі арганізаваць на прадпрыемстве тайнае галасаванне па забастоўцы і яе патрабаваннях (сярод іх — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі). Яго сябраў проста не прапусцілі на прадпрыемства, а раздаць бюлетэні каля прахадной не дазволіла прысутная міліцыя, паведамляе Радыё Свабода.
Недалёка ад прадпрыемства валанцёры (сярод іх быў Андрэй Дзмітрыеў, кандыдат у прэзідэнты на нядаўніх выбарах) змаглі раздаць працоўным улёткі з інфармацыяй пра забастоўку. Толькі адзінкі рэагавалі агрэсіўна.
Сябры страйкаму кажуць пра ціск, які аказваецца на рабочых. Як вядома, менавіта на гэтым заводзе нядаўна сустрэлі Лукашэнку крыкамі "Сыходзь!".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.