Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Стаім ля дзяўчыны ў вышванцы, якая нядаўна з'явілася на будынку аднаго з інтэрнатаў Універсітэта культуры. Усе, хто ўпершыню апынаецца на вуліцы Рабкораўскай, задзіраюць галовы і зацікаўлена глядзяць на мурал (насценны роспіс вялікіх памераў, — Еўрарадыё).

"Чым ганарымся, тое і намалявана: дзяўчына і нацыянальны каларыт, — спрабуе разгадаць задуму мастака, аўстралійца Гвіда ван Хэлтэна, мінак. — Увогуле, гэта трэба на кожным фасадзе зрабіць, інакш горад вельмі шэры".

Пакуль чакаем зорку беларускага стрыт-арта Жэню Coweka, аўтара знакамітага "Гусляра" на вуліцы Кастрычніцкай (плануем разам прайсціся па цікавых аб'ектах вулічнага мастацтва горада), ловім Вераніку, жыхарку інтэрната "з дзяўчынай", будучага культуролага. Вераніка смяецца, што цяпер іх інтэрнат немагчыма зблытаць з суседнім, і што яго насельнікі вельмі ганарацца такой адметнасцю. Сама яна назірала за працай Гвіда і чытала ў інтэрнэце пра сэнс, які ён уклаў у карціну.

"Мы мусім падтрымліваць нашы традыцыі і каштоўнасці. Але пры гэтым мы саромеемся свайго арнаменту. Ён хацеў паказаць нашу нацыянальнасць", — мяркуе Вераніка.

А вось і Cowek. Жэня кажа, што некаторыя працы праекта Urban Myths, у межах якога ў кастрычніку-лістападзе сем будынкаў Кастрычніцкага раёна Мінска абзавяліся цікавымі фасадамі, на жыва ён яшчэ не бачыў. Таму з цікавасцю разглядае тварэнне аўстралійскага калегі і "сячэ" элементы ў тэхніцы, якімі потым, магчыма, скарыстаецца ў стварэнні ўласных малюнкаў.

"Дзяўчына ідэальна ўпісалася ў кантэкст: гэта ж інстытут культуры, дзе ёсць факультэт народнай творчасці, аддзяленне ткацтва... Я бачыў тое, што ён рабіў ва Украіне: паўсюль ёсць месца арнаменту. Не ведаю, якія канцэпцыі ён укладаў у тыя працы, але тут усё прачытваецца", — рэзюмуе мастак.

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

У межах праекта Urban Myths замежныя мастакі тусуюцца па горадзе, назіраюць за мінчукамі, знаёмяцца з яго гісторыяй і легендамі. І свае ўражанні, без папярэдніх эскізаў, выносяць на фасад.

"Мне здаецца, я ўлавіў тое, што адбываецца цяпер з беларусамі: яны ўжо гатовыя заявіць пра сваю нацыянальную унікальнасць, ганарацца ёй, але пакуль не робяць гэтага адкрыта... Я ўпэўнены, што пад паўсядзённым адзеннем, дзесьці глыбока ўнутры, у кожнага жыхара краіны ёсць вышыванка — самабытная, добрая, адкрытая душа", — тлумачыць Гвіда ван Хэлтэн канцэпцыю сваёй працы.

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

А мы рушым на Брылеўскую, 24. У цэнтры фасада — хлопчык у сіняй цішотцы паміж шматпавярховакаў працягвае руку суседскаму дзіцяці. Хлопчык вандруе па гарадах свету разам са сваім "бацькам", італьянскім мастаком Millo.

Валянціна Міхайлаўна з дома побач бяжыць з торбачкай у краму. Кажа, што малюнак Millo робіць іх раён свяжэйшым і асацыюецца ў яе з рэальнай гісторыяй:

"40 гадоў таму, як мы толькі засяліліся, гляджу ў вакно і бачу, што стаяць людзі, якія нечым напалоханыя. Адкрыла акно, а яны кажуць, што вось, на пятым паверсе сядзіць дзяўчынка ў вакне, звесіўшы ногі. Дык я як убачыла гэтую карціну, так і ўспомніла тую гісторыю".

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

А вось у яшчэ ў адной Веранікі, дзяўчыны з Брылеўскай, праца Millo выклікае здзіўленне, маўляў, шэра-белыя колеры і блакітная футболка — гэта нешта недарэчнае, і ўвогуле, трэба, каб аўтары падобных палотнаў "прадугледжвалі нешта больш даступнае для чалавечага розуму, бо простаму чалавеку, які жыве ў гэтым раёне, ідэя не зразумелая".

"Мы хадзілі і меркавалі, што тут закладзеная ідэя кінутых дзяцей: дзіця ў двары адно, яго ніхто не заўважае, і ён не ведае, у каго прасіць дапамогі. Але першае ўражанне, што гэта рэклама газавага абсталявання", — прызнаецца дзяўчына.

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Наш эксперт Жэня тлумачыць фішку малюнка Millo наступным чынам:

"Мне падабаецца, калі сама сцяна дыктуе свае правілы, і калі мастак спрабуе абыграць нейкія архітэктурныя формы, у тым ліку вокны — праца становіцца яшчэ лепшай. А калі жыхар выглядае ў вакно, ён робіцца часткай малюнка. То бок, стрыт-арт — гэта і ёсць мастацтва, дзе праца ўзаемадзейнічае з наваколлем і людзьмі ў ім".

Дарэчы, сам італьянец у сваёй мінскай працы "Everywhere I go" ("Куды б я ні пайшоў") узгадаў праблему панэлек, дзе людзі рухаюцца па маршруце "дом-праца", жывуць ізалявана, не ведаюць, як клічуць іх суседзяў па тамбуры і не ўспрымаюць прастору горада сваёй.

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Пасля доўгіх дажджоў у Мінск прыходзяць першыя маразы. Мацней зацягваем шалікі і разглядаем вуліцу падпольшчыка Караткевіча, якая перыядычна становіцца месцам паломніцтва графіцістаў. Праўда, “нелегальныя” малюнкі пільнуюць мясцовыя камунальнікі і тут жа іх зафарбоўваюць. Але су сустракаюцца і “афіцыйныя” роспісы.

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Праз двары выходзім да першага князя Мінска Глеба Менскага, сына Усяслава Чарадзея, выява якога сёння ўпрыгожвае адну з трансфарматарных будак на раёне. Яго намаляваў светлагорскі мастак Silen. Ля Глеба — сметніца і пусты двор.

"Гэта выклік грамадству, якое не мае ні помнікаў, ні нават памятных таблічак сваім героям. Гэта не кажучы пра тое, што ў нас няма музея старога Мінска. То бок, у нас такая багатая гісторыя, але яна выкінутая на сметнік", — разважае эксперт Жэня Cowek.

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Наступны наш прыпынак — Аэрадромная, 4. Тут вока прыцягвае восеньскае пано з самалёцікам. Кажуць, сталічныя ўлады былі не вельмі рады рэзанансу, які выклікала праца пінскага вулічнага мастака Mutus. Але мясцовыя жыхары карціну палюбілі.

"Вядома, шкада, што аэрапорт зачыняюць — тут адлюстроўваецца гэтая тэма, — перакананая Святлана. — А мастака я ведаю. Я была ў Пінску, і бачыла шмат яго прац, ён там шмат вуліц размаляваў у такім сваім стылі. Увогуле, я лічу, што паўсюль трэба такія вось сцены размаляваць. Будзе вельмі прыгожа".

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Жэня Cowek кажа, што Mutus (Яўген Сасюра) цяпер супрацоўнічае з гарадскімі ўладамі Пінска і ўпрыгожвае сцены "сталіцы Палесся" выявамі старога горада. Занятак знайшоў адлюстраванне і ў гэтым мурале:

"Меланхалічная праца на тэму аэрапорта і старога Мінска. Як і аэрапорт, апошні лісток зрываецца з дрэва і злятае. Філасофская праца. Яна менавіта прымушае спыніцца і задумацца. Гэты самалёцік з газеты мне нагадвае дзяцінства, такое мінулае. Старэнькія хаткі — таксама мінулае. Думаю, кожны неабыякавы знойдзе для сябе нешта цікавае".

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Насупраць “самалёціка” — фасад жылога пяціпавярховіка ўпрыгожвае містычнае палатно: вулічны мастак з Севастопаля Kislow пераасэнсоўвае гісторыю пра раку Нямігу і паказвае яе казачных жыхароў. Праўда, сучасныя жыхары дома не асабліва ў курсе задумы аўтара. Дзяўчына, якую мы сустракаем ля будынка, адмаўляецца фантазіраваць, але радуецца сонцу, што асвятляе Траецкае прадмесце, пад якім бяжыць загадкавая Няміга.

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)
Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Карціна грэчаскага стрытарцера Ino дагэтуль выклікае спрэчныя эмоцыі у інтэрнэце: чалавек без галавы нагадвае пра тое, што Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе практыкуецца смяротнае пакаранне. Так пішуць адны. Іншыя называюць твор грэка "Анёлам смерці", а жыхары з дома насупраць патрабуюць у адміністрацыі горада замаляваць "страшнага чалавека". Але гэта ў інтэрнэце. На вуліцы Варанянскага мінакі нам кажуць іншае.

"Я нават не ўдумваўся, што тут закладзена. Проста сама па сабе праца цікавая. Магчыма, яна недзе сумная... Смелая? Яна для большасці вельмі незвычайная, а людзі аддаюць перавагу саўдэпаўскім матывам. Гэтая праца самотная, але нешта ў гэтым ёсць", — кажуць сябрукі, якія адмыслова прыйшлі да "Чалавека без твару" зрабіць сэлфі.

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Валянціна, жахарка дома, у вокны якога пазірае дзіўны чалавек, глядзіць на яго з пазітывам:

"Цікавая карціна. Фантазіраваць можна доўга. Што мне канкрэтна падаецца, не скажу. Але я супраць таго, каб гэтую карціну замалявалі. Няхай будзе. Для развагаў".

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Пара пенсійнага ўзросту з унучкамі перакананыя, што ў цяперашні час усё мае права на існаванне.

"Карціна крыху змрачнаватая. Свечка гарыць. Нешта звязанае з рэлігіяй, з верай у нешта... Намалявалі, няхай будзе, бо цяпер усё мае права быць. Крыху змрачнавата, але нармальна, так усё адно весялей", — перабівюць адзін аднаго муж з жонкай. А меркаванне іх унучак-малодшакласніц падзялілася: адна мяркуе, што карціна прыгожая і цікавая, а іншая, што змрочная і страшная.

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Погляд спыняецца на маладой пары, якая разглядае працу Ino.

"Тое, што заяўлена аўтарам, гэта адно, а ў кожнага сваё ўласнае успрыняцце. Таму я заклікаю не ўжываць нейкія стэрэатыпы, а падыходзіць індывідуальна. У мяне няма сумных думак, калі я гляджу на карціну, хутчэй, ёсць жаданне задумацца", — кажа дзяўчына, якая цікавіцца стрыт-артам і радуецца знаёмству з Жэнем Cowek'ам.

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

"Гэта дакладна не "Анёл смерці", — смяецца Наташа, якая пераходзіць дарогу з дачкой. — Ну, нейкая нявызначанасць. І нават надзея — аганёк".

"Мне не падабаецца гэтая карціна — кіч самы натуральны, — у размову ўступае Валерый. Мужчына гадоў 65-ці. — Я не разумею сэнсу, хоць і чуў пра тое, што гэта незнаёмы твар. Можна ж было намаляваць нешта бліжэйшае нашаму менталітэту. Хоць я па перакананнях еўрапеец і разумею, што апроч нашага мастацтва ёсць іншае, альтэрнатыўнае, але было б лепш паказаць нешта з нашага жыцця... Але так, мы людзі нудныя, аднолькава апранутыя... Ну, можа, ён і правільна паказаў. У любым выпадку, карціна не ўпрыгожвае вуліцу, хоць і не перашкаджае нікому".

Увогуле, з усіх апытаных мінакоў толькі адна жанчына сказала, што "карціна страаашная". Прычым, нават не на дыктафон, а нам у спіну.

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Наш гід па вулічным мастацтве Мінска Жэня мяркуе, што ў Завадскім раёне праца Inо мела яшчэ б большую сілу. Але, канстатуе мастак, у большасці наша грамадства яшчэ не гатовае да прац такога плану:

"Магчыма, я б падумаў, ці рабіць яе ў раёне, дзе шмат бабулек і дзядулек, але гэта смелы крок. Мастак, прычым замежны, паказаў нам, якія мы. Таму нам не варта крыўдзіцца на яго, а паспрабаваць прыняць і змяніць для пачатку сябе, а потым і навакольных".

Дарэчы, на працы грэка ёсць белая палоска. Кажуць, там па задуме мусіць быць арнамент. Магчыма, з ім будзе весялей, і карціна прачытаецца па-іншаму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі