Студэнты паскардзіліся на выкладчыцу, якая выпраўляла ім граматычныя памылкі
17 завочнікаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны звярнулася да кіраўніцтва факультэта з просьбай пераздаць залік не канкрэтнаму выкладчыку, а камісіі.
Студэнты засталіся незадаволеныя першай спробай здачы. У каментары газеце "СБ. Беларусь сегодня" студэнтка Алена Шчур тлумачыць прычыны незадавальнення: "Пытанні былі з прачытанага курсу, але педагога не задаволілі адказы. Мы ж здавалі прадмет "Параўнальная педагогіка", а нам нават граматычныя памылкі выпраўлялі і крэслілі. Засталіся незадаволеныя. Камісіі пераздавалі вусна. Вынік станоўчы".
Яе аднагрупніца Алена Вілонава таксама атрымала незалік: "Мне сказала выкладчыца, што адказ правільны, а высновы няправільныя, я пачала спрачацца".
Яшчэ адна падпісантка Наталля Ульяненка шчыра кажа, што залік праваліла: "Пераблытала сістэмы адукацыі дзвюх краін. Прамашка выйшла. Тут уся група сабралася пісаць заявы на пераздачу камісіі. Я таксама пайшла, узяў верх калектыўны розум".
Рэктарат на скаргу студэнтаў завочнікаў адрэагаваў. Выкладчыцы з 25-гадовым універсітэцкім стажам вынеслі вымову, а студэнты пераздавалі залік вусна.
Тым не менш выкладчыца Святлана Вальчанка ў сваіх дзеяннях не сумняваецца: "Мяне абвінавачваюць, што я выпраўляла граматычныя памылкі, але дазвольце, у пісьмовым адказе "образование" і "оброзование" — гэта дзве вялікія розніцы".
І сапраўды, будучы педагог, які піша з грубымі граматычнымі памылкамі, — гэта як мінімум прэцэдэнт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.