Суд над Аляксандрам Баразенкам працягнецца ў аўторак

У панядзелак у судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся суд над фігурантам “справы 14-ці” Аляксандрам Баразенкам. Падтрымаць яго прыйшлі каля 50 чалавек. Сярод іх — вядомыя палітыкі і моладзевыя актывісты. Загадзя ў залу суда правялі групу студэнтаў аднаго са сталічных ВНУ, якія занялі больш за палову месцаў, паведамляе “Наша ніва”. Працэс адбываецца ў той самай залі, дзе судзілі Андрэя Кіма. У размове з Еўрарадыё Кім выказаў надзею, што Аляксандр Баразенка неўзабаве выйдзе на волю.

Андрэй Кім:“Я ўпэўнены, што Аляксандра мусяць адпусціць. Я не ведаю, як гэта будзе фармулявацца. Тое, што яго не апраўдаюць, гэта дакладна. Аднак я думаю, што гэта не будзе прысуд, звязаны з пазбаўленнем волі. Я мяркую, што гэта будзе абмежаванне волі або штраф, або нешта іншае”.

Нагадаем, Аляксандр Баразенка — апошні з абвінавачаных па cправе 14-ці юнакоў і дзяўчат, што ўзялі ўдзел у студзеньскіх вулічных акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. Суд над ім працягнецца заўтра, у аўторак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі