Суд не прымае да разгляду заявы беларускамоўных бацькоў на чыноўнікаў
Мінскі гарадскі суд не стаў разглядаць скаргу групы беларускамоўных бацькоў на рашэнне суда Першамайскага раёна. Мінчукі хацелі аспрэчыць рашэнні чыноўнікаў і дамагчыся стварэння рознаўзроставай беларускамоўнай групы ў садку Першамайскага раёна сталіцы, піша nn.by.
Сама справа цягнецца з сакавіка 2018 года. Тады 21 сям'я мінчукоў, якія агулам маюць 24 дзяцей, звярнуліся ва ўпраўленне адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска. Яны прасілі стварыць беларускую групу ў адным з дзяцячых садкоў раёна.
Бацькі спасылаліся на кепскую беларускамоўную адукацыю ў афіцыйна створаных групах. "Якасць адукацыі ў так званых "беларускіх" групах, якія існуюць у садках, зусім ніякая. Яна не адпавядае маім уяўленням аб адукацыі на беларускай мове. У большасці такіх груп проста размаўляюць па-руску. Маўляў, большасць дзяцей усё роўна рускамоўныя, яны беларускай не разумеюць. І ўся "беларускасць" у выніку — вывучэнне некаторых словаў", — наракае Вольга Кавальчук, адна з ініцыятыўных бацькоў. Каб дзіця хадзіла ў добрую групу, маці возіць яго за 30 км.
Чыноўнікі, аднак, адмовілі бацькам у іх просьбе: маўляў, стварыць такую групу немагчыма. Дзяцей прапанавалі раскідаць па групах у садках раёна. А рознаўзроставую групу для беларускамоўных дзетак паабяцалі стварыць у 2019/2020 навучальным годзе.
Пры гэтым, па словах бацькоў, у раёне даўно дзейнічаюць шэсць рознаўзроставых груп з рускай мовай навучання і выхавання.
Частка бацькоў звярнулася ў суд Першамайскага раёна Мінска, каб адстаяць сваё канстытуцыйнае права на рэальнае выкарыстанне дзяржаўнай беларускай мовы ў выхаваўчым працэсе. Аднак суд адмовіўся прымаць скаргу, вырашыўшы, што пытанне павінна вырашацца не ў судзе.
Такі самы адказ даў і Мінгарсуд, куды падтрымаць бацькоў прыйшла нават дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.
Ці будуць падаваць апеляцыю на гэтае рашэнне, бацькі яшчэ не вырашылі. Магчыма, проста звернуцца ў Мінадукацыі.