Суд па "справе Кныровіча" перанеслі ў СІЗА
Суд па гучнай справе бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча і менеджараў яго кампаніі "СарматТэрма-Інжынірынг" з 11 чэрвеня перанесены ў СІЗА і фактычна стаў закрытым. На яго не змогуць трапіць не толькі журналісты, але і сваякі абвінавачаных.
Прычына — у стане здароўя сузаснавальніка і былога дырэктара кампаніі Уладзіміра Дашкевіча, піша "Беларускі партызан". У яго ўзніклі праблемы з нагой і спінай. Праз гэта разгляд справы прыпыняўся на пачатку траўня. Тады 54-гадовага мужчыну шпіталізавалі ў турэмны шпіталь на тэрыторыі СІЗА на вуліцы Валадарскага. 22 траўня суд аднавіўся, але праз тыдзень Дашкевіча зноў шпіталізавалі.
11 чэрвеня ўсіх абвінавачаных, акрамя яго, даставілі ў суд Фрунзенскага раёна. У медыцынскай даведцы пра стан Дашкевіча гаворыцца, што ён можа ўдзельнічаць у працэсе, але толькі ў ляжачым стане на цвёрдай паверхні. Адвакаты і абвінавачаныя прапанавалі, каб Дашкевіч працягнуў лячэнне. Але пракурор палічыла, што ён можа ўдзельнічаць у працэсе, не патлумачыўшы, як дастаўляць ляжачага хворага ў суд.
Суддзя вырашыла, што суд працягнецца ў СІЗА. Гэта рэжымны аб'ект, куды не дапусцяць ні сваякоў абвінавачаных, ні журналістаў.
Кныровіча вінавацяць у дачы хабару і ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Дашкевіча вінавацяць ва ўхіленні ад падаткаў, Папоўскага — у дачы хабару. Максімава і Кускова вінавацяць ва ўхіленні ад падаткаў і саўдзеле ў злачынстве. Дашкевіч, Максімаў і Кускоў сваю віну прызналі цалкам, Кныровіч і Папоўскі — часткова.