Суд упершыню адмяніў рашэнне СК па адмове пачаць справу аб катаваннях
Упершыню пасля жнівеньскіх пратэстаў суд у Беларусі адмяніў рашэнне Следчага камітэта, які адмовіўся пачынаць крымінальную справу за катаванні, піша праваабарончы сайт "Вясна". Гэта здарылася ў Маскоўскім раённым судзе Мінска.
Пакараць вінаватых хоча непаўналетні мінчук Пётр Кірык, якога затрымалі 12 жніўня, калі ён выходзіў з сябрам з аўтобуса паміж станцыямі метро "Малінаўка" і "Пятроўшчына". Хлопца затрымалі, хаця ён паведаміў амапаўцам, што яму толькі 16 гадоў. Яго збілі і ўжывалі супраць яго спецсродкі.
Следчы Вадзім Бялькевіч пасля праверкі адмовіўся пачынаць крымінальную справу супраць сілавікоў па ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэксу "ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства". Гэта стандартная адпіска, якая прыходзіць ад следчых усім пацярпелым ад садызму сілавікоў.
На думку Бялькевіча, у справе няма даных, якія можна было б адназначна лічыць доказамі. Між тым, судова-медыцынская экспертыза пацвердзіла ў Кірыка цялесныя пашкоджанні: шматлікія сінякі і ранкі, якія ўтварыліся пасля мінімум 25 траўмуючых уздзеянняў. Як гаворыцца ў экспертызе, гэта "відавочна сведчыць пра незаконнае ўжыванне фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў" сілавікамі.
Дарэчы, падчас праверкі Бялькевіч не ўзяў запісы з камераў відэаназірання каля месца затрымання Кірыка, не высветліў, хто з супрацоўнікаў АМАП, калі і на якіх прававых падставах затрымаў непаўналетняга. Не апытаў следчы і міліцыянтаў, якія складалі на Кірыка пратакол у Маскоўскім РУУСе.
Суддзя Лідзія Цяліца адмяніла пастанову следчага і накіравала ў Маскоўскі райаддзел Следчага камітэта для дадатковай праверкі. Пракурор падтрымаў рашэнне суддзі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.