Суд узяў пад арышт падазраваных у забойстве Барыса Нямцова
На працягу 10 дзён следства мусіць выставіць ім афіцыйныя абвінавачванні.
Басманны суд Масквы даў санкцыю на арышт чатырох падазраваных у забойстве апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова, перадае РІА "Новости". Пад варту ўзятыя Хамзат Бахаеў, Тамерлан Эскерханаў, браты Шагіт і Анзор Губашавы.
Перад гэтым было абвешчана пра арышт Заура Дадаева, які прызнаў сваю віну ў забойстве Нямцова.
Абарона лічыць, што следства не мае доказаў датычнасці падазраваных да злачынства. Усе яны паскардзіліся на няважнае здароўе, у прыватнасці, язву. У двух падазраваных па шасцёра дзяцей, а ў трэцяга — цяжарная жонка. Эскерханаў заявіў, што мае алібі на час злачынства. Па яго словах, у момант забойства ён знаходзіўся на працы.
Між тым следчы кажа, што ёсць дастаткова доказаў вінаватасці. Следчы адзначыў, што на падазраваных як на ўдзельнікаў злачынства паказалі сведкі. Ён асцерагаецца, што без арышту падазраваныя змогуць уцячы, пагражаць сведкам і пацярпелым, дамовіцца з пакуль невыяўленымі саўдзельнікамі, каб перашкодзіць ўсталяваць ісціну.
Фота — ria.ru