Судмедэксперты: псіхічнае расстройства Коржыча не можа быць прычынай самагубства
Адвакаты абвінавачаных сяржантаў у зале судовага паседжання. Фота Еўрарадыё
У Мінску працягваецца суд па "справе Коржыча". Трое сяржантаў абвінавачваюцца ў давядзенні да самагубства радавога Аляксандра Коржыча з вайсковай часці №43064 у Печах. Маці памерлага салдата, Святлана Коржыч, прытрымліваецца версіі, што яе сына забілі.
Пасмяротная комплексная судовая псіхолага-псіхіятрычная экспертыза ў дачыненні да Аляксандра Коржыча ўстанавіла, што салдат пакутаваў ад псіхічнага расстройства –– “саматаформнай вегетатыўнай дысфункцыі”. 3 верасня пракурор агучвае заключэнне экспертаў у судзе, а адвакат аднаго з абвінавачаных (сяржанта Бараноўскага) просіць выклікаць у якасці сведак тых спецыялістаў, якія праводзілі абследаванне. Яны даюць паказанні 6 верасня.
Пракурор зноў зачытвае вынікі экспертызы:
“<…> 7 верасня ў Коржыча апісвалася сімптаматыка, характэрная для дадзенага расстройства: болі ў сэрцы, высокі ўзровень асобаснай трывожнасці, песімістычнасць, раздражняльнасць. Пасля 20 верасня ён перастаў прад'яўляць скаргі на болі ў сэрцы, быў спакойны і адэкватны ў паводзінах. Да моманту выпіскі праявы дыягнаставанага псіхічнага расстройства выяўляліся мінімальна <…>”.
Сімптомы псіхічнага расстройства з'явіліся ў Коржыча ў 2016 годзе
“Нідзе, ні ў адной кнізе мы не знойдзем, што для гэтага захворвання характэрная схільнасць да суіцыду”
На думку Олекса, псіхіятры, на прыёме ў якіх быў Коржыч, "не звярнулі ўвагу на нейкія моманты", хоць і "апісвалі сімптаматыку дадзенага расстройства".
Дактары медроты, па словах эксперта, правільна ўгледзелі дыягназ пацыента і выставілі яго –– "нейрацыркуляторная астэнія". Олекс пацвярджае, што паміж дыягназам СВД і НЦА можна паставіць знак роўнасці. Пра гэта суду казаў і ваенны псіхіятр Павел Зарэцкі, да якога вазілі Коржыча.
Адказваючы на пытанні адвакатаў, пракурора і маці Аляксандра Коржыча, эксперт адзначыў:
“Дадзенае псіхічнае расстройства ніяк не магло быць звязана з дзеяннямі Аляксандра Коржыча. Не характэрныя для дадзенага псіхічнага расстройва суіцыдальныя думкі. Нідзе, ні ў адной кнізе мы не знойдзем, што для гэтага захворвання характэрная схільнасць да суіцыду. Яны адчуваюць боль, баяцца памерці ... Але каб думаць пра суіцыд – такога я нідзе не сустракаў.
Гэта досыць лёгкае, кароткачасовае расстройства, якое часта праходзіць само па сабе. Для яго не характэрны такі зыход. Яно ў многіх бывае, праяўляецца. У тым ліку яно ў яго [Аляксандр Коржыча. –– Еўрарадыё], хутчэй за ўсё, і было”.
Аднак амаль адразу Олекс дадае: "Ніхто не адмяняе таго, што ён [Аляксандр Коржыч. –– Еўрарадыё] мог гэта зрабіць па якіх-небудзь іншых прычынах. Псіхічна здаровых людзей, якія здзяйсняюць суіцыд, велізарная колькасць".
"Былі падобныя выпадкі на сексуальнай глебе. Але каб пры суіцыдзе..."
Дзяржабвінаваўца Юры Шарснёў цікавіцца ў сведкі, ці даводзілася яму ў сусветнай практыцы сустракаць падобныя выпадкі самазабойства. "Каб пры самагубстве на галаву была накінутая майка, звязаныя ногі", –– удакладняе пракурор.
"Я так скажу, што ў сваёй практыцы такіх рэчаў я не сустракаў. Былі падобныя выпадкі на сексуальнай глебе. Але каб пры суіцыдзе... " –– адказвае судмедэксперт
Псіхолаг дзяржкамітэта судовых экспертыз Уладзімір Сямёнаў таксама ўдзельнічаў у правядзенні экспертызы. На пытанне пракурора аб тым, ці можа стан Коржыча [сімптаматыка саматаформнай вегетатыўнай дысфункцыі. –– Еўрарадыё] быць прычынай для самагубства, ён адказвае:
"Прычынна-выніковай сувязі не існуе. І літаратурныя дадзеныя пра гэта сведчаць. Не існуе такога, што чалавек з наборам пэўных якасцей можа скончыць жыццё самагубствам. Яны могуць быць наборам умоў, але ніяк не з'яўляцца прычынай", –– кажа эксперт.
Суддзя Алег Лапека пытаецца ў сведкі аб тым, ці сустракаліся яму падобныя выпадкі самазабойства.
"У маёй практыцы я з такімі выпадкамі не сутыкаўся. У літаратуры таксама не сустракаў", –– адказвае Сямёнаў.
"Накінутай на галаву майкі ў сваёй практыцы я не сустракаў"
Судовы эксперт Іван Правада праводзіў эксгумацыю цела Аляксандра Коржыча.
"У судовай медыцыне, у той літаратуры, якую я чытаў, былі такія моманты, калі людзі, якія скончылі жыццё самагубствам, звязвалі сабе ногі ці рукі. Гэта матывуюць тым, што яны хочуць прадухіліць магчымасць выбрацца з пятлі. Накінутай на галаву майкі ў сваёй практыцы я не сустракаў", –– адказвае сведка на пытанні суда.
У пацярпелай Святланы Коржыч узнікае шмат пытанняў да эксперта: напрыклад, адкуль з'явіліся кропкавыя пашкоджанні на галаве. Аднак Правада не можа адказаць на гэтае пытанне, спасылаючыся на тое, што першаснае даследаванне праводзіў іншы эксперт.