Суджа, якую кантралююць украінскія войскі, рыхтуецца да халадоў
Суджа пад украінскім кантролем са жніўня
Суджа ў Курскай вобласці РФ, якую кантралююць украінскія войскі, рыхтуецца да халадоў. Украінскія вайскоўцы развозяць мясцовым жыхарам, якія засталіся ў горадзе, "буржуйкі", каб яны маглі абаграваць памяшканні. Раней было газавае ацяпленне, паведамілі ў камендатуры УСУ ў Суджы.
Украінцы намагаліся аднавіць крытычную інфраструктуру горада. Напрыклад, рабіліся захады, каб запрацаваў вадаправод. Аднак гэта немагчыма з-за расійскіх абстрэлаў КАБамі і атак FPV-дронаў. У прыватнасці, былі пашкоджаны генератар і воданапорная вежа. А ў адным з суседніх населеных пунктаў водазабеспячэнне ўдалося аднавіць. Яго не называюць, каб не выклікаць па ім расійскія абстрэлы.
Таксама ўкраінскія вайскоўцы развозяць мясцовым жыхарам цёплыя рэчы, прадукты харчавання і ваду. У камендатуры падкрэсліваюць, што Украіна няўхільна прытрымліваецца Жэнеўскіх канвенцый, яна бярэ на сябе адказнасць за забеспячэнне насельніцтва на кантраляваных тэрыторыях РФ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.