Супраць баранавіцкага актывіста распачалі крымінальную справу
Мікалай Чарнавус-малодшы / t.me/viasnanazirae/
Супраць баранавіцкага актывіста Мікалая Чарнавуса-малодшага распачалі крымінальную справу, паведамляе brestspring.org. Спачатку яго затрымалі па адміністрацыйнай справе, але праз трое сутак не адпусцілі. З ізалятара часовага ўтрымання Чарнавуса мусілі перавесці ў СІЗА. Па некаторых звестках, яго абвінавачваюць у "абразе Лукашэнкі".
Інфармацыя пра крымінальную справу папярэдняя. Праваабаронцам стала вядома, што актывіста арыштавалі на 15 сутак за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Суд прайшоў 7 лютага.
Раней Мікалай Чарнавус-малодшы працаваў юрыстам аддзела спорту і турызму Баранавіцкага райвыканкама. За ўдзел у акцыях пратэсту яго затрымлівалі ў 2021-м, трое сутак ён правёў за кратамі, быў аштрафаваны. У сакавіку 2022-га кантракт не працягнулі, і Чарнавус застаўся без працы.
Пра чарговае затрыманне стала вядома 3 лютага. Прыватны дом акружаў дзясятак сілавікоў у бронекамізэльках і са зброяй. Мікалая Чарнавуса-малодшага выводзілі ў кайданках з рукамі за спінай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.